"Бітва за ўраджай - 2018": супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў зноў вывозяць на палявыя працы
Кожны год праваабаронцам становяцца вядомыя новыя і новыя факты прымусовай працы ў Беларусі. На сельгасработы вывозяць не толькі супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў, але і супрацоўнікаў навучальных устаноў, а таксама студэнтаў і нават школьнікаў.
Праваабаронцы неаднаразова ўказвалі на недапушчальнасць прымусовай працы і звярталіся ў пракуратуры розных абласцей, каб тыя правялі адпаведную праверку і прыцягнулі службовых асобаў, якія выдаюць незаконныя распараджэнні, да адказнасці. Аднак, год за годам сітуацыя не вельмі змяняецца і ў сезон прыборкі ўраджаю чыноўнікі “наступаюць на тыя ж граблі”.
Гэтым разам “адзначыўся” Горацкі райвыканкам. Пра тое, што супрацоўнікаў розных дзяржаўных прадпрыемстваў накіроўваюць на “бітву з ураджаем” паведаміў інтэрнэт-парталу Onliner.by чытач Сяргей, якога таксама ўсё жыццё ганялі ў палі.
Дата дакумента - 6 верасня 2018 года. Райвыканкам без лішніх сантыментаў просіць «забяспечыць выдзяленне людзей» для аказання шэфскай дапамогі ААТ «Горацкае».
Кожны радок тут гучыць па-франтавому бадзёра і рашуча. У спісе значацца амаль усе мясцовыя арганізацыі (акрамя міліцыі, пракуратуры, СК, МНС), у тым ліку аддзелы, уласна, выканкама. Кожны дзень з 10 па 29 верасня на бітву з ураджаем павінны выходзіць па 100 чалавек. Гэтай сотні належыць экіпіравацца самастойна, узброіцца нажамі і іншым інвентаром. Больш за ўсё "нажоў" абавязаны паставіць аддзел адукацыі - 55.
- Гэта доўжыцца ўжо шмат гадоў. Я яшчэ ў школе вучыўся - нас ганялі ў гэтую гаспадарку прыбіраць буракі і моркву. У сельгасакадэмію паступіў - працягнулася. Адвучыўся, працую - ізноў спрабуюць адпраўляць, - жыхар Горак Сяргей не гатовы пакуль назваць сваю арганізацыю і пасаду.
Сяргей кажа, людзі бурляць, але, як звычайна, унутры сябе. Распавёў, як усё арганізавана: у 8 раніцы чыноўнікаў, бухгалтараў і іншых кабінетных работнікаў забірае аўтобус і вязе на поле - кіламетрах у пяці ад Горак.
- Акрамя нас, яшчэ студэнтаў прыганяюць, але гэта па асобнай праграме. Раней былі школьнікі, але пасля вядомага інцыдэнту іх не выкарыстоўваюць. Але я на гэтыя палі ўсё жыццё ездзіў. Гэта значыць гадоў 10 мінімум гэта доўжыцца.
У апошнія два дні выезды адмянілі з-за дрэннага надвор'я. Пакуль незразумела, ці працягнуць кампанію на гэты тэрмін.
На поле трэба прыбіраць моркву ці буракі, абрэзаць бацвінне і грузіць у машыны. Прадстаўнікі прадпрыемства сочаць, каб нічога не прапала.
- У мінулыя гады, бывала, людзі пасля працы бралі з сабой моркву, паўвядра, напрыклад, - гэта ж справа такая... Так аднойчы аўтобус падвезлі прама да будынка РАУС. Абясшкодзілі, - распавядае Сяргей. - Цяпер там служба бяспекі ёсць, глядзіць, што выносяць у кошыках. Падчас уборкі на полі знаходзіцца прадстаўнік гаспадаркі, сочыць, каб працавалі, не сачкавалі - гэта замест таго, каб самому працаваць на ўласным полі.
Змена доўжыцца да 16.30. Ежа і вада - тое, што ўзяў з сабой. Туалет - у полі ці суседнім балоце.
Па словах Сяргея, у мінулым годзе, бывала, назад дабіраліся сваім ходам, аўтобус не ішоў. У гэтым сезоне накшталт такога не было.
- А калі адмовіцца?
- Вось я той самы чалавек, які адмовіўся. Паўтары тыдні таму запісаўся на прыём да старшыні райвыканкама, - Сяргей спадзяецца, хоць хтосьці растлумачыць яму, што адбываецца і чаму людзі з вышэйшай адукацыяй адрываюцца ад асноўнай працы. - Прыём прызначылі на заўтра, але ведаю, што ў маёй арганізацыі на мяне папярэдне запыталі характарыстыку - дзе вучыўся і служыў, як працую, ці ўдзельнічаю ў жыцці арганізацыі, усё вось гэта. Але калі я павінен працаваць у ААТ «Горацкае», то хачу ўдакладніць: з якой нагоды я "павінен", у каго пазычаў? Не ведаю, можа, потым пачнуцца рэпрэсіі... Пры гэтым па маёй непасрэднай працы да мяне заўваг няма.
Як праводзяць гэтыя працоўныя дэсанты па бухгалтэрыі - не зусім зразумела. Мяркуючы па ўсім, пры разліку зарплаты за месяц гэты дзень проста залічваецца як працоўны.
Атрымаць каментар onliner.by у Горацкім райвыканкаме пакуль не ўдалося - адпаведныя тэлефоны, названыя на яго сайце, не адказваюць.
Праваабаронцы адзначаюць, што трэба не замоўчваць такія выпадкі, а важна змагацца за свае правы. Нагадаем, юрысты ПЦ "Вясна" ужо звярталіся ў пракуратуру па Гомельскай вобласці восенню мінулага года, калі людзей звазілі "ратаваць лён". Тады заганную практыку прымусовай працы ўдалося спыніць.
На жаль, прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар.
Чытайце таксама: