viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “Прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар”

2016 2016-12-22T14:41:30+0300 2016-12-23T14:33:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-svaboda.org.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зноў звярнуўся ў пракуратуру Мінскай вобласці па факце прымусовай працы працоўных на гэты раз у Лагойскім раёне па прыборцы лесапаласы, пасля таго, як Лагойская пракуратура адмовілася праводзіць сваю праверку.

Ён адзначае, што адзін за адным райвыканкамы выдаюць распараджэнні да кіраўнікоў розных дзяржпрадпрыемстваў па накіраванні супрацоўнікаў у вызначаннай колькасці для дапамогі на прыборках. Пры гэтым, адказ на зварот праваабаронцы у пракуратуру Лагойскага раёна быў нібыта пад капірку спісаны з адказу пракуратуры Вілейскага раёна, куды праваабаронца звяртаўся па фактах прымусовай працы на прыборцы кукурузы.

"Пракурор Лагойскага раёна  ўхіліўся ад правядзення праверкі па фактах, указаных у публікацыі партала ТУТ.бай. Згодна з ягоным адказам на мой зварот, у пракуратуру Лагойскага раёна не паступалі заявы грамадзян аб іх прымусовай працы, а да маёй заявы не прыкладзеныя дакументы, якія падцвярджаюць мае паўнамоцтвы на зварот ад імя іншых асоб", - даводзіць да ведама пракурора Мінскай вобласці Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца зноў і зноў падкрэслівае, што не звяртаўся ў раённую пракуратуру ад імя нейкіх канкрэтных грамадзян, правы якіх былі парушаныя, а звяртаў увагу пракурора на паведамленні ў СМІ аб фактах, якія сведчаць аб грубым парушэнні законнасці на тэрыторыі Лагойскага раёна. І для такога звароту яму не патрэбны нейкія дадатковыя падцверджанні сваіх паўнамоцтваў.

“Усе факты, якія сталі нам вядомыя апошнім часам на прыкладзе розных раёнаў Мінскай вобласці, сведчаць пра тое, што прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар. А органы пракуратуры ў сваю чаргу ніяк на гэта не рэагуюць, яны самаўхіляюцца і не абараняюць правы грамадзян”, - адзначае Валянцін Стэфановіч.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае намер інфарміраваць пра практыку прымусу, якая склалася ў краіне, Міжнародную арганізацыю працы і Камітэт ААН па сацыяльных, эканамічных і культурных правах.

Нагадаем, аналагічная сітуацыя здарылася летам 2016 года ў Глускім раёне, калі мясцовы выканкам выдаў распараджэнне “Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў”. Тады праваабаронцы таксама звярталіся ў пракуратуру Глускага раёна і выратавалі ўвесь раён ад прымусовай працы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства