«Перавысіла паўнамоцтвы журналіста і парушыла журналісцкія абавязкі»
Незалежная журналістка Вольга Чайчыц атрымала чарговую позву ў суд, паведамляе "Белсат".
Яшчэ адно судовае паседжанне ў дачыненні да журналісткі тэлеканала "Белсат" пройдзе 10 верасня ў Дзяржынску. Прычынай стаўся фотарэпартаж, які Вольга зрабіла ў жніўні ў Курапатах. Але ў пратаколе знайшоўся вельмі дзіўны момант. На думку міліцыянта, Вольга вырабіла фотарэпартаж і тым самым «перавысіла паўнамоцтвы журналіста і парушыла журналісцкія абавязкі».
«Вельмі дзіўная фармулёўка, нават не ведаю адкуль яны яе ўзялі», – здзіўляецца Вольга Чайчыц.
На думку юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, падобная фармулёўка – гэта проста міліцэйскае глупства.
«На жаль, гэта палітычна матываваны пераслед. Яно ніякага дачынення да права не мае. З гэтага можна толькі пасмяяцца і паглядзець, што скажа суд», – кажа Алег Агееў.
У той жа час былі выпадкі, калі такія абсурдныя пратаколы суд накіроўваў на дапрацоўку.
«Але тут патрэбная мужнасць суддзі і вялікае глупства [у пратаколе]. Тут таксама гэтае глупства бачна і ёсць шанец, што суд накіруе на дапрацоўку, бо гэты пратакол не вытрымлівае крытыкі», – зазначае Агееў.
Ад самага пачатку журналісты «Белсату» зазнаюць ціск уладаў. Некалькі разоў на офісах адбываліся вобшукі, канфіскоўвалі тэхніку. Толькі за гэты год журналісты тэлеканалу атрымалі штрафаў агульнай сумай каля $ 30 тысячаў.