У Брэсце затрыманы блогер Сяргей Пятрухін. ідзе агляд кватэры Відэа Дапоўнена
Блогера Сяргея Пятрухіна затрымала міліцыя і вязе ў Ленінскі РАУС Брэста. Ёсць ордэр на агляд ягонай кватэры, піша «Беларускі партызан”.
Па словах Аляксандра Кабанава, яго калегу затрымалі ў двары ўласнага дома; відавочна, што за Пятрухіным было ўсталяванае сачэнне.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін перадае падрабязнасці:
"Сёння каля 12 гадзін у двары свайго дома да Сяргея Пятрухіна падышлі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу.
Па заяве ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Берасця Мікалая Рабушкі складзены матэрыял справы паводле 189 КК у рамках якой супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Сяргея з аглядам.
Сяргей патрабаваў, каб агляд праводзіўся ў прысутнасці яго адваката, але міліцыянты запярэчылі, маўляў закон не патрабуе прысутнасць адваката.
Дакумента на рукі Пятрухіну так і не далі, і павялі ў службовае аўто, у якім забаранілі вясці відэастрым.
З 12:21 тэлефон Пятрухіна не адказвае. Зараз блогер знаходзіцца у Ленінскім РАЎС горада Брэста, з ім праводзяцца нейкія дзеянні, да ўдзелу ў якіх не дапускаюць адваката.
Блогер Аляксандр Кабанаў лічыць, што міліцыянты ўзялі мэту зноў забраць камп’ютар і тэлефон у Сяргея".
У выніку ператруса з кватэры аператыўнікі вынеслі сістэмны блок кампутара.
Уладзімір Вялічкін дапускае, што Пятрухіна могуць прытрымаць да суда ў панядзелак, бо 3 гадзіны мінула з моманту затрымання.
Нагадаем, 24 ліпеня Пятрухін атрымаў позву ў Брэсцкі міжраённы Следчы камітэт у сувязі з узбуджэнне супраць яго крымінальнай справы за абразу.