viasna on patreon

Суд над Тамарай Шчапёткінай перанесены, пратаколы – на дапрацоўцы

2018 2018-07-27T07:48:10+0300 2018-07-27T07:48:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shcapetkina-9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамара Шчапеткіна. Фота: Радыё Рацыя.

Тамара Шчапеткіна. Фота: Радыё Рацыя.

У судзе Бярозаўскага раёна 26 ліпеня прайшло першае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе журналіста-фрылансера Тамары Шчапёткінай, якую вінавацяць у парушэнні артыкула 22.9 КаАП. Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, пасяджэнне  пачалося з таго, што суддзя Алена Нямкова беспадстаўна выдаліла Аляксандра Кабанава з судовага пасяджэння. Пра тое, што пратакол патрабуе дапрацоўкі, даведаліся толькі пасля выступу Шчапёткінай і 45-хвіліннага перапынку, калі пачаў выступаць старэйшы ўчастковы Бярозаўскага РАУС Сяргей Манцэвіч, які складаў пратакол.

На думку праваабаронцы Сяргея Русецкага, суддзя не была падрыхтаваная, ён лічыць такі падыход да справы непрафесіяналізмам:

– Складваецца ўражанне, што пасяджэнне не было падрыхтаванае. Не сёння ж суддзя атрымала дакументы, магла ў дасудовым разглядзе накіраваць пратаколы на дапрацоўку. Столькі людзей было выклікана як сведкаў. Яны сядзелі, пакуль ішло пасяджэнне, пасля быў перапынак паўгадзіны, пасля зноў пасяджэнне. І людзям кажуць, што цяпер яны могуць ісці дадому – яны будуць выкліканыя наступным разам. Тая ж загадчыца крамы кажа, што яна больш не пойдзе, тое ж кажуць і пенсіянеры-сведкі.

Суддзя Нямкова адмовілася весці справу па-беларуску.

Тамару Шчапёткіну чарговы раз абвінавачваюць за працу на Беларускае Радыё Рацыя без акрэдытацыі. Апошні раз па гэтым артыкуле яе каралі ў лістападзе 2017 года. Яе заява па гэтай справе прынята да разгляду Камітэтам па правах чалавека ААН.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства