Тройча пакараны. Артур Фінькевіч атрымаў яшчэ і штраф за правапарушэньне, за якое ўжо адседзеў 15 сутак.
Сёньня, 18 сьнежня, сябра Маладога Фронту Артур Фінькевіч атрымаў рашэньне адміністратыўнай камісіі Заводзкага раёну г. Менску ад 12 сьнежня, у якім паведамляецца, што ён аштрафаваны на 60 тысяч за “распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем устаноўленага парадку” (арт. 172 ч.3 КаАП РБ).
Сваё “правапарушэньне” Артур Фінькевіч зьдзейсьніў 10 лістапада. За яго ён ужо адседзеў 15 сутак, але тады ён быў абвінавачаны (суд адбываўся 27 лістапада) у парушэньні ўстаноўленага парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 167 ч.2 КаАП РБ). Парушэньне выразілася ў тым, што ён, з’яўляючыся заяўнікам акцыі супраць правядзеньня рэферэндуму адносна падаўжэньня прэзідэнцкага тэрміну, да атрыманьня дазволу Меггарвыканкаму распаўсюджваў улёткі з інфармацыяй пра гэтае мерапрыемства.
Пасьля затрыманьня А. Фінькевіча на яго склалі пратаколы ня толькі за “парушэньне”, за якое малады чалавек ужо адседзеў 15 сутак, але як аказалася – і за распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем устаноўленага парадку. За гэта таксама ён прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці і атрымаў пакараньне ў выглядзе штрафу, пра што даведаўся толькі сёньня.