viasna on patreon

Хрыстас Пургурыдэс: “НА НАЙВЫШЭЙШЫМ ДЗЯРЖАЎНЫМ УЗРОЎНІ БЫЛІ ЗРОБЛЕНЫЯ АКТЫЎНЫЯ КРОКІ, КАБ СХАВАЦЬ САПРАЎДНУЮ ПАДАПЛЁКУ ЗЬНІКНЕНЬНЯЎ” (Радыё Свабода)

2003 2003-12-18T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Папярэдняя справаздача адмысловага дакладчыка падкамітэту ПАРЭ Хрыстаса Пургурыдэса аб зьніклых у Беларусі заклікае да адстаўкі генпракурора В.Шэймана, санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва й судовых працэсаў у замежных краінах. Хаця тэкст справаздачы быў прадстаўлены на паседжаньні юрыдычнага камітэту ПАРЭ ў Парыжы ў панядзелак і пазьней дасланы сем’ям зьніклых, толькі ў сераду, вярнуўшыся на Кіпр, спадар Пургурыдэс вырашыў зрабіць яе даступнай для прэсы.
У сваёй справаздачы адмысловы дакладчык падкамітэту ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс зазначае, што, як ён тлумачыў сваім суразмоўцам у Менску, ягонай місіяй не было праводзіць самастойна паўнавартаснае крымінальнае расьсьледаваньне вядомых зьнікненьняў з мэтай вызначыць адказных. “Мэтай майго візыту было толькі вывучыць цалкам аб’ектыўным шляхам, ці праводзілася належнае расьследаваньне зьнікненьняў кампэтэнтнымі беларускімі ўладамі”, – напісаў спадар Пургурыдэс. Сваёй справаздачай ён падае папярэдні адказ на гэтае пытаньне – не, не праводзілася. “Наадварот, размовы, якія я правёў у Менску ў зьвязку з паказаньнямі спадара Алкаева перад адмысловым падкамітэтам і дакумэнтамі альбо копіямі, якімі я валодаю, прымусілі мяне лічыць, што на найвышэйшым дзяржаўным узроўні былі зробленыя актыўныя крокі, каб схаваць сапраўдную падаплёку зьнікненьняў, і падазраваць, што найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі могуць самі быць уцягнутыя ў гэтыя зьнікненьні”, – зазначае Хрыстас Пургурыдэс. Ён піша, што ягоныя папярэднія высновы базуюцца на інфармацыі, зьвязанай з васьмю пунктамі: выдачай расстрэльнага пісталету СІЗА № 1 у дні зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара й Красоўскага, пісьмовымі заявамі і рэчавымі доказамі што да месца выкраданьня Ганчара й Красоўскага, абвінавачаньнем, якое 21 лістапада 2000 году ад рукі напісаў генэрал Лапацік, арыштам і хуткім вызваленьнем палкоўніка Паўлічэнкі ў лістападзе таго ж году, паведамденьнем пра ліст былога генпракурора Бажэлкі расейскаму калегу з просьбай пра спэцыялізаванае абсталяваньне, расповедам Васіля Лявонава пра гісторыю Бажэлкі, кадравымі зьменамі на найвышэйшым узроўні сілавых структураў у лістападзе 2000 году й сакрэтным судом над “бандай Ігнатовіча”.

Усе пералічаныя 8 пунктаў добра вядомыя чытачам і слухачам недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Адзначу толькі тры новыя моманты.

Па-першае, Хрыстас Пургурыдэс зьвяртае асаблівую ўвагу на запіску генэрала Лапаціка, якую ўлады Беларусі называлі фальшыўкай. Цытую справаздачу: “Толькі пасьля таго, як я ўказаў на мажлівасьць правядзеньня графалягічнае экспэртызы, нават на базе фотакопіі, якой мы валодалі, сапраўднасьць запіскі была прызнаная: падчас майго візыту ў Менск як міністар унутраных справаў Навумаў, адрасат запіскі Лапаціка, гэтак і генэральны пракурор Шэйман пацьвердзілі, на маё вялікае зьдзіўленьне, што напісаная ад рукі спрэчная запіска была сапраўды напісаная генэралам Лапацікам і завізаваная міністрам Навумавым”.

Па-другое, спадар Пургурыдэс піша, што быў засмучаны гэткім бясспрэчным фактам: палкоўнік Паўлічэнка, якога былы шэф МУС Сівакоў апісаў вельмі цёплымі словамі як надзейнага кар’ернага афіцэра, быў арыштаваны паводле загаду кіраўніка КГБ і генэральнага пракурора як падазраваны “арганізатар і кіраўнік крымінальнай структуры, датычнай да выкраданьня і фізычнага зьнішчэньня людзей”.

Па-трэцяе, аўтар справаздачы зазначае, што генпракурор Шэйман у лісьце дэпутату палаты прадстаўнікоў Фралову схлусіў наконт абставінаў арышту Паўлічэнкі, і робіць выснову: “Той факт, што генэральны пракурор напісаў парлямэнтару й даў ілжывую інфармацыю, ёсьць яшчэ адным ясным сьведчаньнем прыхоўваньня”.

На маё пытаньне, якая ж галоўная выснова ягонай справаздачы, сам спадар Пургурыдэс адказаў гэтак:

(Пургурыдэс: ) “Галоўная выснова – бо ёсьць толькі адна галоўная выснова – палягае ў тым, што зьнікненьні – і ёсьць моцныя падозраньні наконт гэтага – былі арганізаваныя тымі, хто знаходзіцца ўва ўладзе. І ёсьць яшчэ больш моцныя ўказаньні, якія амаль даходзяць да пэўнасьці, – што людзі ўва ўладзе не правялі адпаведнага расьсьледаваньня й зрабілі амаль усё, што ў іхных сілах, каб схаваць гэтую справу, каб схаваць злачынства”.

Што ж гэта за людзі ўва ўладзе й ці падае ён у сваёй справаздачы канкрэтныя прозьвішчы? – спытаўся я ў спадара Пургурыдэса. І вось які адказ пачуў:

(Пургурыдэс: ) “Я падаю канкрэтныя прозьвішчы толькі ў адным прыкладзе, што датычыць вызваленьня Паўлічэнкі – якое, я кажу згодна з фактам, мусіла мець месца паводле інструкцыяў самога прэзыдэнта”.

Хрыстас Пургурыдэс прапаноўвае Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы наступныя варыянты дзеяньняў:

“– патрабаваць, каб незалежнае расьсьледаваньне было распачатае кампэтэнтнымі беларускімі ўладамі, пасьля адстаўкі цяперашняга генэральнага пракурора, якога абвінавачваюць у тым, што ён сам арганізаваў зьнікненьні на сваёй папярэдняй пасадзе,

– патрабаваць, каб беларускімі ўладамі было распачатае крымінальнае расьсьледаваньне з мэтай высьветьліць: мажлівую датычнасьць да зьнікненьняў цяперашняга генэральнага пракурора, цяперашняга міністра спорту (былога міністра ўнутраных справаў) і высокапастаўленага афіцэра спэцыяльных сілаў, мажлівае злачынства перашкоджаньня ажыцьцяўленьню правасудзьдзя, учыненае некаторымі іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, якія мелі дачыненьне да расьследаваньня, праведзенага дагэтуль, і якія фальшавалі, прыхоўвалі або прыціскалі сьведчаньні ў іхным распараджэньні дзеля таго, каб абараніць сапраўдных злачынцаў,

– заклікаць парлямэнт Беларусі зрабіць неабходныя дзеяньні што да выканаўчай улады з мэтай ажыцьцяўленьня правасудзьдзя, у тым ліку патрабаваць адстаўкі некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў дзеля таго, каб зрабіць магчымым сапраўды незалежнае расьсьледаваньне, і стварыць парлямэнцкую камісію ў справе расьсьледаваньня з адпаведнымі рэсурсамі для гэтага,

– заклікаць дзяржавы-сябры Рады Эўропы ды ўвогуле міжнародную супольнасьць ажыцьцявіць максымум палітычнага ціску на цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку праз санкцыі, да таго часу, пакуль ня будзе праведзенае вартае даверу незалежнае расьсьледаваньне мажлівай датычнасьці высокапастаўленых чыноўнікаў да зьнікненьняў або да іх хаваньня,

– запрасіць суды тых краін, чые законы прадугледжваюць міжнародную юрысдыкцыю іх нацыянальных судоў для справаў сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, распачаць працэдуры супраць некаторых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў за мажлівае забойства паводле палітычных прычын аднаго ці большай колькасьці людзей зь ліку 4 зьніклых асобаў”.

Яшчэ раз варта нагадаць: Хрыстас Пургурыдэс мае на ўвазе зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Ягоная справаздача перададзеная афіцыйнаму Менску, і спадар Пургурыдэс кажа, што чакае адказу ад уладаў Беларусі.

(Пургурыдэс: ) “Я б ня раіў ім не адказваць. Наадварот, мая парада беларускмі уладам – адказаць у дэталях і зьявіцца з матэрыялам, які прымусіў бы мяне зьмяніць меркаваньне ды паўплываў бы на мае канчатковыя высновы. Вы мусіце чакаць, і ўсе мусяць чакаць, што калі мае папярэднія высновы будуць зробленыя канчатковымі, і Парлямэнцкая асамблея зацьвердзіць мае высновы, дык мы сутыкнемся зь вельмі сур’ёзнай сытуацыяй”.

Наколькі сур’ёзнай будзе сытуацыя для беларускага кіраўніцтва ды якія захады з прапанаваных спадаром Пургурыдэсам могуць быць зробленыя ў дачыненьні да афіцыйнага Менску? Аўтар справаздачы заяўляе:

(Пургурыдэс: ) “Гэта не мая справа – казаць, якімі будуць захады. Гэта справа ўсясьветнай супольнасьці ўвогуле. Але відавочна, што калі гэтыя высновы стануць канчатковымі, дык усясьветная супольнасьць ня зможа ігнараваць высновы. Сьвет ня можа прыняць сытуацыю, у якой людзі зьнікаюць паводле палітычных мэтаў, а над зьнікненьнямі існуе здырыжаваны плян схаваць злачынствы”.

Хрыстас Пургурыдэс паведаміў, што чакае камэнтароў ад афіцыйнага Менску да 10 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства