viasna on patreon

У дырэктара БелаПАН Алеся Ліпая адбыўся ператрус. Яго дапыталі ў ДФР, пасля чаго адпусцілі Фота Дапоўнена

2018 2018-06-14T17:00:00+0300 2018-06-15T07:45:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lipaj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Ліпай. Фота: БелаПАН.

Алесь Ліпай. Фота: БелаПАН.

Раніцай 14 чэрвеня на кватэры дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая праходзіць ператрус. Як паведамляе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, ператрус праводзяць супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК у межах узбуджанай крымінальнай справы. Санкцыю на правядзенне следчых дзеянняў падпісаў пракурор горада Мінска. Кіруе дзеяннямі сілавікоў Дзмітрый Новікаў.

Каля месца ператрусу знаходзяцца праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Таццяна Рэвяка, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. У кватэру нікога з іх  не пускаюць.

 Ператрус на кватэры у Алеся Ліпая. Фота: Уладзь Грыдзін.

 Алесь бяляцкі ля кватэры Алеся Лмпая. Фота: Уладзь Грыдзін

Пакуль невядомая сутнасць узбуджанай крымінальнай справы, але варта нагадаць, што менавіта з ператрусу, праведзенага супрацоўнікамі ДФР, пачаўся крымінальны пераслед  старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага ў жніўні 2011 года.

У якасці панятых следчыя запрасілі работнікаў жыллёва-камунальнай службы. Па стане на 11-40 з кватэры Ліпая ніхто не выходзіў.

БелаПАН перадае падрабязнасці. Прадстаўнікі ДФР прыйшлі да Ліпая 14 чэрвеня прыблізна ў 7 гадзін. Ліпай адразу ж звязаўся з праваабаронцам Алесем Бяляцкім і да яго прыходу не адчыняў дзверы. Па словах Бяляцкага, ён прасіў следчую групу ўзяць яго ў якасці панятога, але праваабаронцу ў гэтым было адмоўлена. 

Каля 14.40 ператрус на кватэры кіраўніка БелаПАНа завяршыўся. Да пад'езда пад'ехалі некалькі аўтамабіляў. Стала вядома, што Алеся Ліпая вязуць на допыт ва ўпраўленне ДФР КДК па Мінскай вобласці на вул Пятруся Броўкі, 3.

Алеся Ліпая вязуць на допыт. Фота: Белсат.
Алеся Ліпая вязуць на допыт. Фота: Белсат.

На сайце Камітэту дзяржаўнага кантролю з'явілася інфармацыя пра тое, што ў адносінах Алеся Ліпая 12.06.2018 узбуджана крымінальная справа па ч.2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ, па факце ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры.

Каля шасці вечара старшыня БАЖ Адрэй Бастунец паведаміў, што пасля допыту Алесь Ліпай адпушчаны дадому.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.


Алесь Ліпай - беларускі журналіст і паэт. Сузаснавальнік і кіраўнік Беларускага прыватнага агенцтва навін і інфармацыйнага партала «Беларускія навіны».

У 1988 г. стаў першым карэспандэнтам Радыё «Свабода» ў Беларусі. Пры канцы 1980-х гадоў — удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навін у газеце «Знамя юности». У 1991-м годзе вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». У кастрычніку 1991 стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое з цягам часу перарасло ў інфармацыйную кампанію. З часу ўзнікнення БелаПАНу — генеральны дырэктар кампаніі.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства