Замест позвы на прафілактычную размову — аўтазак Дакумент
25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа ў Мінску былі безпадстаўна затрыманы супрацоўнікамі АМАПа дзесяткі людзей. Але дагэтуль застаецца невызначаным, які характар мелі тыя затрыманні, бо да сённяшняга дня ніводнага затрыманага суд не прызнаў вінаватым у парушэнні якіх-небудзь заканадаўчых актаў Беларусі. На некаторых былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), а многіх адпусцілі без складання пратаколаў. Па складзеных пратаколах ужо скончваецца ўсталяваны заканадаўствам 2-месячны тэрмін, у межах якога адміністрацыйныя справы павінны быць перададзены ў суд да разгляду.
“Яснасць” у гэтую сітуацыю ўнёс начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Мінгарвыканкама А. Купчэня, які адказаў на скаргу аднаму з затрыманых на плошчы Якуба Коласа.
Андрэя Пракаповіча, які з’яўляўся выпадковым мінаком і адным з затрыманых, абурылі ў гэтай сітуацыі наступныя моманты.
Па-першае, супрацоўнікі органаў унутраных спраў пры затрыманні не прадстаўляліся, не паказвалі службовых пасведчанняў і не тлумачылі прычын затрымання. У Першамайскі РАУС г. Мінска з плошчы Якуба Коласа Андрэя Пракаповіча адвезлі на аўтазаку, дзе яго пратрымалі чатыры гадзіны ў спартовай залі. Пры гэтым ніякіх працэсуальных дзеянняў у дачыненні да яго не праводзілася. Пасля чатырохгадзіннага затрымання без якога-небудзь працэсуальнага афармлення Андрэя адпусцілі.
Па-другое, супрацоўнікі міліцыі не далі паведаміць Андрэю сваякам пра яго месцазнаходжанне. Гэта з'явілася падставай для стрэсу ў яго блізкіх і родных, бо яны не ведалі, дзе ён знаходзіцца і што з ім будзе далей. Улічваючы той факт, што на месцы затрымання на Якуба Коласа засталася яго жонка.
Андрэй Пракаповіч падаў скаргу на гэтыя дзеянні супрацоўнікаў АМАПа ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска, але яна перанакіравала яе ў ГУУС Мінгарвыканкама.
У адказе Андрэю Пракаповічу патлумачылі, што 25 сакавіка яго не затрымлівалі, а проста прапанавалі прайсці ў Першамайскае РУУС для правядзення прафілактычнай гутаркі.
То бок кіраўніцтва УУС кваліфікавала дзеянні сваіх падначаленых на плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка не як масавыя затрыманні, а як запрашэнні грамадзян на прафілактычную гутарку.
Аднак на відэа затрымання Андрэя Пракаповіча выразна бачна, што супрацоўнікі АМАПа менавіта затрымлівалі яго. Думаецца, што наўрад ён мог адмовіцца ад такой прапановы, калі яго пад рукі праводзілі ў аўтазак.
Праваабаронцы лічаць, што відэа з’яўляецца выключным пацвярджэннем адміністрацыйнага затрымання, прыкметамі якога з'яўляюцца:
- фактычнае кароткачасовае абмежаванне свабоды;
- дастаўленне ў месца, якое вызначае орган, які вядзе адміністрацыйны працэс;
- утрыманне ў гэтым месцы.
Згодна з артыкулам 25 Закона "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў" прафілактычная гутарка з грамадзянінам праводзіцца ў адпаведнасці з працэдурай і адпаведнымі патрабаваннямі. Так, падставай для правядзення прафілактычнай гутаркі могуць быць супрацьпраўныя паводзіны асобы, якую выклікаюць для такой гутаркі. На самую прафілактычную гутарку асобу выклікаюць афіцыйным дакумантам - позвай. Згодна з патрабаваннямі закона прафілактычная гутарка праводзіцца, як правіла, не больш гадзіны. Па яе выніках складаецца пратакол, які падпісваецца асобай, якую выклікалі на гутарку.
У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула, які рэгулюе парадак правядзення прафілактычнай гутаркі, грамадзянін выклікаецца для яе правядзення ў памяшканне адпаведнага суб'екта прафілактыкі правапарушэнняў. Але наўрад спартовая заля, у якой пратрымалі Андрэя 4 гадзіны, падыходзіць для прафілактычнай гутаркі.
Такім чынам, згаданыя вышэй факты сведчаць аб тым, што на плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка адбываліся менавіта адміністрацыйныя затрыманні без законных на тое падставаў.