viasna on patreon

Магілёўскі праваабаронца: Лукашэнка ў чарговы раз выказаў пагарду да правоў чалавека

2018 2018-04-27T09:26:13+0300 2018-04-27T09:40:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bukhel-barys.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыс Бухель. Фота: mspring.online

Барыс Бухель. Фота: mspring.online

Праваабаронца з Магілёва Барыс Бухель абураны нядаўнім выказваннем прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Падчас выступлення з пасланнем народу і парламенту 24 красавіка прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка закраную тэму правоў чалавека:

– Не будзем забываць, што не ўсіх нашыя поспехі радуюць. У свеце вельмі часта, асабліва ў апошні час, ролю дзяржавы спрабуюць прынізіць, звесці яе толькі да надуманых пытанняў выканання правоў чалавека. Прытым стаўку робяць на моладзь, падштурхоўваючы яе да супрацьпраўных дзеянняў. Але ўся іх падрыўная дзейнасць бескарысная, калі бачыш, як наша, да прыкладу, юная спартсменка сыходзіць з подыўма, чуючы чужы гімн у свой гонар. Калі наша таленавітая дзяўчынка папраўляе вядомага тэлевядучага, прымушаючы яго правільна называць яе радзіму. Гэта сапраўдны патрыятызм, – заўважыў Лукашэнка.

Як паведамляе mspring.online, магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што такое выказванне для кіраўніка дзяржавы з’яўляецца недапушчальным:

– Нам ніколі не быць багатай і паспяховай дзяржавай з такой пазіцыяй прэзідэнта. Самыя паспяховыя краіны – тыя, у якіх выконваюцца правы чалавека. У нас жа няма падзелу ўладаў, незалежнай судовай сістэмы, не выконваюцца рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН. У сваёй прамове Лукашэнка ў чарговы раз выказаў пагарду да правоў чалавека. Мы яшчэ раз пераканаліся, што яны для кіраўніка краіны нічога не значаць.

На думку Бухеля, Лукашэнка падмяняе паняцці «правы чалавека» і «патрыятызм»

– Сапраўдны патрыятызм і правы чалавека не выключаюць адзін аднаго, як спрабуе прадставіць гэта прэзідэнт. Лукашэнка павінен разумець, што ён выказаўся не пра абстрактныя паняцці, а пра прынцыпы ААН, на якіх пабудавана арганізацыя. Ён забывае, што прымалі Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека ў 1948 годзе, каб не дапусціць новай глабальнай вайны. Турбуецца пра мір, але пры гэтым адмаўляе прынцыпы, якія гэты мірзахоўваюць.

Праваабаронца раіць прэзідэнту прачытаць выступ Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Зэйда Ра-ада аль-Хусэйна: “Не смейце казаць, што правы чалавека не для ўсіх”:

– Аль-Хусэйн у сваім выступе выкарыстоўвае цытату нобелеўскага лаўрэата Рэнэ Касана:«няведанне правоў чалавека і пагарда да іх – адна з галоўных прычын пакут чалавецтва». Лукашэнку нядрэнна было б пра гэта падумаць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства