viasna on patreon

Еўрапарламент заклікаў улады Беларусі захоўваць правы чалавека і вызваліць палітвязняў

2018 2018-04-19T16:08:53+0300 2018-04-19T16:17:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/europarlament.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Як паведамляе БелаПАН, Еўрапарламент заклікаў улады Беларусі захоўваць правы чалавека, а таксама вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі па Беларусі, прынятай 19 красавіка на сесіі ЕП у Страсбургу.

"Хоць ЕС неаднаразова падкрэсліваў, што паважанне фундаментальных свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека з'яўляецца абавязковай умовай для паляпшэння і далейшага развіцця адносінаў з Беларуссю, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвае выклікаць занепакоенасць", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Адзначаецца, што ў Беларусі працягваецца практыка запалохвання і пераследу грамадскіх і апазіцыйных актывістаў, палітыкаў, журналістаў. Еўрапарламент шкадуе пра затрыманні апазіцыйных актывістаў і палітыкаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева, напярэдадні і падчас Дня Волі. Свабода сходаў і асацыяцый з'яўляецца адной з асноўных свабод чалавека, падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

"Падзеі Дня Волі яшчэ раз паказалі, што беларускія ўлады не маюць намеру адмаўляцца ад сваёй старой палітыкі рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, якія спрабуюць рэалізаваць свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — Парушэнні прынцыпаў дэмакратыі і асноўных свабод, у тым ліку затрыманні паводле палітычных матываў, павінны ў кожным канкрэтным выпадку выклікаць дакладную рэакцыю з боку ЕС у яго адносінах з Беларуссю".

Еўрапарламент заклікае ўлады неадкладна вызваліць двух беларускіх палітвязняў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенку, а таксама аднавіць у грамадзянскіх і палітычных правах усіх былых палітвязняў.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да ўладаў "неадкладна аднавіць працу па рэфармаванні выбарчага заканадаўства". Адзначана, што Беларусь працягвае ігнараваць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі па паляпшэнні выбарчага заканадаўства. Мясцовыя выбары, якія прайшлі ў лютым 2018 года, зноў прадэманстравалі наяўнасць сур'ёзных недахопаў і працэдурных парушэнняў, у тым ліку праблемы з назіраннем за галасаваннем і падлікам галасоў. У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што сумленных і свабодных выбараў у Беларусі не было з 1994 года.

Еўрапарламент выказвае шкадаванне ў сувязі з пераследамі журналістаў і незалежных СМІ ў Беларусі, у тым ліку "незаконным выдаленнем" з выбарчага ўчастка падчас мясцовых выбараў прадстаўніка тэлеканала "Белсат" Андрэя Козела і блакаваннем сайта "Хартыя-97".

Аўтары рэзалюцыі заклікаюць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна спыніць блакаванне "Хартыі-97" і адмовіцца ад прыняцця паправак у закон аб СМІ, якія ўяўляюць "сур'ёзную пагрозу для свабоды слова ў краіне".

У дакуменце падкрэсліваецца, што Беларусь працягвае заставацца апошняй краінай у Еўропе, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Пры гэтым указана, што спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі "адзначае, што смяротныя прысуды ў Беларусі можна лічыць спрэчнымі з-за адсутнасці незалежнай судовай сістэмы і справядлівых судовых працэсаў". Беларусь заклікаюць неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.

Еўрапарламент расчараваны неаднаразовымі адмовамі ў рэгістрацыі дэмакратычным апазіцыйным партыям і заклікае ўлады Беларусі ліквідаваць перашкоды для іх рэгістрацыі, а таксама выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193.1, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Аўтары рэзалюцыі рэкамендуюць уладам Беларусі "пачаць канструктыўны і адкрыты дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю", гарантаваць грамадзянам захаванне іх правоў на свабоду сходаў, асацыяцый, мірных дэманстрацыяй і забяспечыць свабодную працу ўсіх СМІ.

Еўрадэпутаты таксама заклікаюць Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў (ЕСЗД) і Еўракамісію працягнуць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і за яе межамі, у тым ліку падтрымку незалежных крыніц інфармацыі для беларускага грамадства, вяшчання на беларускай мове і з-за мяжы.

Еўрапарламент лічыць неабходным уцягваць грамадзянскую супольнасць і праваабаронцаў у дыялог паміж ЕС і Беларуссю.

Асаблівую ўвагу ЕСЗД і Еўракамісія, на думку еўрапарламентарыяў, павінны надаць бяспецы Беларускай АЭС у Астраўцы для арганізацыі поўнага выканання міжнародных стандартаў ядзернай і экалагічнай бяспекі.

Шкадуючы аб адсутнасці прагрэсу ў сферы правоў чалавека ў Беларусі, Еўрапарламент заклікае вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі знайсці магчымасці для поўнай і эфектыўнай абароны правоў чалавека ў краіне.

У рэзалюцыі адзначаецца, што завяршэнне перамоў аб прыярытэце партнёрства паміж Беларуссю і ЕС дазволіць пашырыць двухбаковае супрацоўніцтва на карысць грамадзян абедзвюх бакоў, адкрые для Беларусі доступ да фінансавай падтрымкі і пашыранага супрацоўніцтва з ЕС пры ўмове прыняцця ёю канкрэтных мераў па дэмакратызацыі, уключаючы усёабдымную рэформу выбарчага заканадаўства.

Еўрадэпутаты вітаюць рашэнне Беларусі аб увядзенні пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін, у тым ліку краін ЕС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства