Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія абмяжоўваюць свабоду слова ў інтэрнэце
Як паведамляе Радыё Свабода, законапраект прыняты ў першым чытаньні, дакладчыкам выступіў міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч.
За прагаласавала 98 дэпутатаў, два — супраць.
У матэрыялах да законапраекту аб зменах у закон «Аб СМІ», якія атрымалі дэпутаты, значыцца, што дакумент падрыхтаваны Саветам Міністраў.
Профільная камісія Палаты прадстаўнікоў да 9 красавіка збірала заўвагі да законапраекту з боку ўсіх зацікаўленых бакоў, сярод якіх была і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Раней старшыня камісіі Андрэй Навумовіч казаў Свабодзе, што ў залежнасці ад колькасці прапаноў камісія вынесе дакумент на разгляд дэпутатаў альбо 19 красавіка, альбо пазней.
Міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч сказаў, што новы закон будзе складацца з сямі артыкулаў. Галоўнае, што ўводзяцца новыя паняцці «сеткавае выданне» і «ўладальнік інтэрнэт-рэсурса». Ён падкрэсліў, што рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурса будзе праводзіцца ў Міністэрстве інфармацыі. Гэта працэдура добраахвотная, але той, хто яе не пройдзе, не будзе лічыцца выданнем, а супрацоўнікі не будуць лічыцца журналістамі. Закрыць зарэгістраванае інтэрнэт-выданне прапануецца пасля 3-га папярэджання, а незарэгістраванае — адразу пасля першага.
Захоўваць інфармацыю інтэрнэт-рэсурсы павінныя цягам шасці месяцаў, за парушэнне заканадаўства накладаюцца штрафы ў памерах ад 50 да 500 базавых велічыняў. Міністар сказаў, што прапануецца, каб закон уступіў у сілу праз пяць месяцаў пасля таго, як яго надрукуюць. Акрамя таго, ад гэтага часу ўводзіцца пераходны пэрыяд працягласцю ў шэсць месяцаў.
Карлюкевіч паведаміў, што парадак ідэнтыфікацыі аўтараў каментароў будзе вызначаць урад.
Палата прадстаўнікоў прымае ўсе законы ў двух чытаннях. Але звычайна падчас другога разгляду ўносяцца хутчэй касметычныя, чым прынцыповыя праўкі.
Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў раней заявілі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сведчаць пра жаданне дзяржавы ўстанавіць больш жорсткі кантроль над мэдыясферай.
Паводле праекту, тэкст якога 2 красавіка апублікавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія размяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў каментарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя каментароў інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасць якой можа прывесці да блакавання сайту. Таксама разглядаюць магчымасць поўнага блакавання асобных сацыяльных сетак.