viasna on patreon

Сваякі асуджаных просяць падтрымаць петыцыю аб перадачы Мінюсту паўнамоцтваў ДВП МУС Відэа

2018 2018-02-09T15:13:40+0300 2018-02-27T15:14:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura-petycyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Абуральныя парушэнні ў месцах пазбаўлення волі адбываюцца таму, што адно карнае ведамства з'яўляецца часткай іншага, лічаць аўтары петыцыі, апублікаванай на платформе petitions.by.

Петыцыю за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакарання МУС Міністэрству юстыцыі запусціла Людміла Кучура, жонка асуджанага Пятра Кучуры, які адбывае пакаранне ў ПК-15 у Магілёве. Пасля абвінавачвання ў перадачы журналістам інфармацыі пра паборы з асуджаных і іх сваякоў, ён падвяргаўся катаванням і ціску з боку адміністрацыі калоніі. Патрабуючы ўзбудзіць крымінальную справу за бесчалавечнае абыходжанне, жанчына прайшла шматлікія кругі абскарджвання, што не прывяло да выніку, а цяпер абскарджвае пастаянныя адмовы мужу ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні.

Людміла Кучура зачытвае петыцыю
Людміла Кучура зачытвае петыцыю падчас прэзентацыі справаздачы па маніторынгу месцаў несвабоды

«Сваякам асуджаных вядома пра парушэнні іх правоў не толькі са СМІ - іх блізкія зведалі гэта на сабе», - кажа аўтарка ў петыцыі і прыводзіць шэраг вядомых абуральных выпадкаў у месцах пазбаўлення волі, якія датычаць не толькі зняволеных, але і іх родных.

Катаванні, жорсткае абыходжанне, неаказанне або няякаснае аказанне медыцынскай дапамогі, прымяненне адміністрацыяй калоніі да непажаданых асуджаных надуманых спагнанняў, адсутнасць страхавання жыцця асуджаных, перадузятае прымяненне ўмоўна-датэрміновага вызвалення да асуджаных, рабская праца - тыя праблемы, якія робяць месцы пазбаўлення волі ў Беларусі не папраўчымі, а карнымі.

«Перадача пенітэнцыярнай сістэмы Міністэрству юстыцыі, на наш погляд, можа змяніць сітуацыю: кіраваць папраўчымі ўстановамі стануць цывільныя людзі, якія не знаходзяцца ў падпарадкаванні сістэмы МУС, якая прызначана для выкрывання і злову злачынцаў, а не для іх выпраўлення», - гаворыцца ў петыцыі.

Пра свой намер дамагацца вырашэння гэтай праблемы праз прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці Людміла Кучура заявіла журналістам яшчэ падчас прэзентацыі маніторынгавай справаздачы «Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды» (на відэа). 

«Мы заклікаем іншых сваякоў асуджаных, а таксама грамадзянаў, неабыякавых да гэтай праблемы, падтрымаць нас. Таксама заклікаем супрацоўнікаў МУС, пракуратуры, судоў, іншых чыноўнікаў далучыцца да нашых патрабаванняў. Жывучы ў нашай краіне, ніхто не мае гарантый, што заўтра не апынецца па той бок плоту», - сказала Людміла Кучура.

Варта адзначыць, што праваабаронцы «Вясны» падзяляюць выкладзенае ў петыцыі патрабаванне, і рэкамендацыя аб вывадзе папраўчых установаў і следчых ізалятараў з сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў з'яўляецца адной з ключавых у маніторынгавай справаздачы па сітуацыі ў месцах несвабоды. Паколькі знаходжанне месцаў пазбаўлення волі і следчых ізалятараў у сістэме МУС не дазваляе размежаваць функцыі крымінальнага пераследу і выканання пакаранняў, забяспечыць недатыкальнасць абвінавачаных, якія знаходзяцца пад вартай.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства