viasna on patreon

Праваабаронца не дамогся праўды ад Генеральнай пракуратуры

2017 2017-12-11T17:14:38+0300 2017-12-11T17:45:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/genprakuratura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.

Генеральная пракуратура пакінула скаргу юрыста ПЦ “Вясна” Валянціна Стэфановіча аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама без разгляду па сутнасці.

Начальнік упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусіь І. Сеўрук, таксама як і пракурор Мінскай вобласці, палічыў, што ўсе доказы, у тым ліку названыя Валянцінам Стэфановічам абставіны, па справе гібелі вучаніцы Вікторый Папчэні на прыборцы бульбы ў мінулым годзе былі правераныя судом, і ім была дадзена належная юрыдычная ацэнка. 

“Ваш зварот фактычна з’яўляецца апеляцыйнай скаргай на судовае рашэнне.

У адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным законам Вы не з’яўляецеся ўдзельнікам крымінальнага працэсу і не валодаеце правам абскарджання судовых рашэнняў па крымінальнай справе, у сувязі з чым Ваш зварот не падлягае разгляду па сутнасці”, - адзначаецца ў адказе Генеральнай пракуратуры.

І. Сеўрук прыходзіць да высновы, што пракурор Мінскай вобласці даў матываваны адказ, а падстаў для прыняцца мер пракурорскага рэагавання не маецца.

Аднак, праваабаронца па-ранейшаму не можа зразумець, чаму цяпер ужо і Генеральная пракуратура ўхіляецца ад адказу на пастаўленыя у звароце пытанні. Ён звяртае ўвагу, што суд разглядаў крымінальную справу толькі па абвінавачванні настаўніц, якія суправаджалі вучняў на поле, і ніякім чынам не мог ў сваёй кампетэнцыі даваць ацэнку дзеянням службовых асобаў райвыканкама, якія накіроўвалі вучняў на прыборку ўраджая.

Валянцін Стэфановіч лічыць, што ў дзеяннях старшыні А. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму І. Драпезы Маладзечанскага райвыканкама, якія выдалі незаконыя распараджэнні аб накіраванні вучняў на прыборку бульбы, углядаецца склад службовага злачынства. А згодна з ч.1 арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь па паступіўшай заяве ці паведамленню аб злачынстве альбо пры непасрэдным выяўленні прыкметаў злачынства орган дазнання, начальнік следчага падраздзялення, следчы ці пракурор прымаюць рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы, ці аб адмове ва узбуджэнні крымінальнай справы, ці аб перадачы заявы па падследнасці, кампетэнцыі, ці аб спыненні праверкі і растлумачэнні заяўніку права ўзбудзіць у судзе ў адпаведнасці з арт . 426 дадзенага кодэкса крымінальную справу прыватнага абвінавачвання.

Адпаведна з гэтым, праваабронца дамагаецца даведацца ў пракуратуры, ці было прынятае рашэнне і якое менавіта ў дачыненні да службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама. Аднак, нават Генеральная пракуратура не разглядае зварот па сутнасці.

Нагадаем, трагедыя адбылася 29 верасня 2016 года падчас выканання школьнікамі з Маладзечна сельгаспрац па ўборцы бульбы і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. 13-гадовая Вікторыя Папчэня трапіла пад колы грузавіка, які рухаўся заднім ходам. Суд Маладзечанскага раёна 23 снежня прызнаў вінаватым у смерці школьніцы 22-гадовага кіроўцу Паўла Цыбіна і асудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі. 

12 ліпеня той жа суд асудзіў настаўніц сярэдняй школы №11 Вольгу Завадзкую і Ірыну Апанасевіч да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь за неналежнае выкананне абавязкаў у гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя дзецей.

Валянцін Стэфановіч не аднойчы звяртаўся ў Пракуратуру і Следчы камітэт па Мінскай вобласці з патрабаваннем правядзення праверкі і прыцягнення да адказнасці чыноўнікаў Маладзечанскага райвыканкама - старшыні А. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму І. Драпеза, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб прыцягненні вучняў школы да прыборкі ўраджаю бульбы.

Вядома, што службовым асобам райвыканкаму былі вынесеныя толькі вымовы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства