Пракуратура ўхіляецца ад адказу на пастаўленыя праваабаронцам пытанні па факту гібелі школьніцы
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ з Пракуратуры Мінскай вобласці на сваю скаргу аб правядзенні дадатковай праверкі па дачыненні старшыні і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама да гібелі вучаніцы сярэдняй школы №11 Вікторыі Папчэні.
Першапачаткова праваабаронца накіроўваў скаргу ў Генеральную пракуратуру, але такая не стала разбірацца і перанакіравала зварот Валянціна Стэфановіча ў Пракуратуру Мінскай вобласці.
Гэтым разам сам пракурор Мінскай вобласці Алег Лаўрухін падрыхтаваў адказ на скаргу, які, як і ранейшыя, падобны да адпіскі. Ён сцвярджае, што падчас раследвання праводзіліся следчыя і працэсуальныя дзеянні па ўстанаўленню ўсіх абставін смерці вучаніцы, у тым ліку законнасці накіравання навучэнцаў школы на збор бульбы службовымі асобамі райвыканкама.
Аднак далей у адказе Алег Лаўрухін не зразумела на якіх падставах спасылаецца на тое, што абставіны аб вінаватасці службовых асоб Маладзечанскага райвыканкама А. Яхнаўца і І. Драпезы ў гібелі Вікторыі Папчэня фактычна з’яўляюцца абгрунтаваннем апеляцыйнай скаргі на судовае рашэнне. Пры гэтым Валянцін Стэфановіч канешне не мае права падаць такую скаргу, бо не з’яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу і не валодае правам абскарджання судовых рашэнняў.
Праваабаронца быў здзіўлены такім адказам пракуратуры, бо ён сапраўды не мае ніякага дачынення да крымінальнай справы, хоць яго яшчэ раней і дапытваў следчы А. Валасян як сведку. Валянцін Стэфановіч у сваёй скарзе прасіў правесці праверку і даць яму абгрунтаваны адказ на тыя пытанні, якія ён ставіў перад пракуратурай.
Ён указваў, што лічыць, што ў дзеяннях службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкаму ўглядаецца склад службовага злачынства. А згодна з ч.1 арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь па паступіўшай заяве ці паведамленню аб злачынстве альбо пры непасрэдным выяўленні прыкметаў злачынства орган дазнання, начальнік следчага падраздзялення, следчы ці пракурор прымаюць адно з наступных рашэнняў:
- аб узбуджэнні крымінальнай справы;
- аб адмове ва узбуджэнні крымінальнай справы;
- аб перадачы заявы па падследнасці, кампетэнцыі;
- аб спыненні праверкі і растлумачэнні заяўніку права ўзбудзіць у судзе ў адпаведнасці з арт . 426 дадзенага кодэкса крымінальную справу прыватнага абвінавачвання.
Аднак, ні Пракуратура, ні Следчы камітэт не прынялі да гэтага часу ні адно з такіх рашэнняў, ухіляюцца ад пастаўленных праваабаронцам пытанняў і шлюць яму адказы-адпіскі.
Цяпер праваабаронца плануе зноў звярнуцца ў Генеральную пракуратуру з абскарджаннем адказу Пракуратуры Мінскай вобласці, каб нарэшце атрымаць інфармацыю па сутнасці зададзеных пытанняў.
Нагадаем, Валянцін Стэфановіч не аднойчы звяртаўся ў Пракуратуру і Следчы камітэт па Мінскай вобласці з патрабаваннем правядзення праверкі і прыцягнення да адказнасці чыноўнікаў Маладзечанскага райвыканкама - старшыні А. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму І. Драпеза, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб прыцягненні вучняў школы да прыборкі ўраджаю бульбы.
Трагедыя адбылася 29 верасня 2016 года падчас выканання школьнікамі з Маладзечна сельгаспрац па ўборцы бульбы і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. 13-гадовая Вікторыя Папчэня трапіла пад колы грузавіка, які рухаўся заднім ходам. Суд Маладзечанскага раёна 23 снежня прызнаў вінаватым у смерці школьніцы 22-гадовага кіроўцу Паўла Цыбіна і асудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі.
12 ліпеня той жа суд асудзіў настаўніц сярэдняй школы №11 Вольгу Завадзкую і Ірыну Апанасевіч да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь за неналежнае выкананне абавязкаў у гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя дзецей.
Службовым асобам райвыканкаму былі вынесеныя вымовы.
Тым часам практыка прыцягнення да прымусовай працы грамадзянаў працягваецца. Праваабаронцы падрыхтавалі на гэты конт прававы лікбез - «Хто хоча сёння папрацаваць?», ці Што такое прымусовая праца ў Беларусі.