Каб актывіст змог спагнаць кампенсацыю з КДБ – КДБ мусіць прызнаць шкоднасць сваіх дзеянняў Дапоўнена
Нечаканы прававы абсурд выявіла справа Крэмянецкага, які намагаецца спагнаць маральную кампенсацыю з Камітэта дзяржаўнай бяспекі за свой арышт і ўтрыманне пад вартаю ў СІЗА.
Суд Маскоўскага раёна 13 снежня працягне разглядаць пазоў былога фігуранта справы аб масавых беспарадках “маладафронтаўца” Змітра Крэмянецкага да Камітэта дзяржаўная бяспекі. Паседжанне па справе павінна было прайсці 6 снежня, аднак у суд не з’явіліся адказчыкі – прадстаўнікі КДБ.
Гісторыя з кампенсацыяй маральный шкоды пачалася яшчэ ў чэрвені, калі следчым КДБ была вынесеная пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства. У межах крымінальнай справы па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў Крэмянецкі ўтрымліваўся пад вартай у СІЗА №1 Мінска 10 сутак.
Першая скарга, якую Зміцер накіраваў у КДБ, была перанакіраваная ў Следчы камітэт. СК вынес пастанову аб прызнанні за актывістам права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. Але праз некаторы час там прынялі рашэнне аб неабгрунтаванасці пастановы і адмянілі яе, спаслаўшыся на тое, што не з'яўляюцца органам, які вядзе крымінальны працэс.
Затым зварот актывіста "Маладога фронту" аб кампенсацыі маёмаснага і маральнага ўрону разгледзела Генеральная пракуратура. У ходзе разгляду Генпракуратура запатрабавала і вывучыла матэрыялы крымінальнай справы, аднак, прыйшла да высновы, што прынятае 12 ліпеня 2017 года рашэнне начальнікам упраўлення СК В. Грыцам з'яўляецца законным і абгрунтаваным, а падстаў для яго адмены няма.
Разам з гэтым пракуратура спасылаецца, на тое, што разгляд пытання аб прызнанні за Дзмітрыем Крэмянецкім права на кампенсацыю маёмаснай і маральнай шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, падлягае разгляду Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, паколькі затрыманне, заключэнне пад варту, а таксама спыненне крымінальнага пераследу здзяйснялася супрацоўнікамі КДБ.
Але згодна з адпаведнай заканадаўчай працэдурай, для таго, каб разлічваць на кампенсацыю, Зміцер Крэмянецкі павінен атрымаць пастанову органа, які прымаў рашэнне аб спыненні крымінальнай справы, а менавіта ад КДБ. Цяжка ўявіць, хто па добрай волі стане прызнавацца, што яго дзеянні прычынілі маральную і матэрыяльную шкоду, ды яшчэ пры гэтым самому вызначыцца з прымальнасцю памеру кампенсацыі. Нонсэнс! Магчыма па гэтай прычыне КДБ ігнаруе запыты адваката Крамянецкага і не адказвае на запыты суда. А прадстаўнікі сілавога органа нават на суд не з’явіліся.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч удакладняе сітуацыю, спасылаючыся на арт. 461 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, які наўпрост прадугледжавае права на кампенсацыю для падазраванага альбо абвінавачанага, у выпадку, калі крымінальная справа спыненая, у тым ліку за адсутнасцю складу злачынства:
“Сапраўды, гэтая працэдура, якая насамрэч закранае вельмі шмат людзей, выглядае вельмі дзіўна і непаслядоўна, Атрымліваецца, што асоба, якая ў нечым падазравалася, а затым справа была спыненая за адсутнасцю складу злачынства, мусіць запытвацца ў органа, які вёў крымінальны пераслед, аб сваім праве на кампенсацыю, прычым ў дасудовым парадку. У іншых падобных сітуацыях такога не прадугледжана", - каментуе праваабаронца.
Валянцін Стэфановіч лічыць, што пытанне аб праве на кампенсацыю прычыненай маральнай альбо матэрыяльнай шкоды павінен вырашаць суд, а ніяк не орган, які ажыццяўляў крымінальны пераслед.