Да Статкевіча трэція суткі не пускаюць адваката. Марына Адамовіч скардзіцца ў пракуратуру

2017 2017-09-29T12:13:50+0300 2017-09-29T12:28:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/adamovich1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марына Адамовіч. Фота "Радыё Свабода"

Марына Адамовіч. Фота "Радыё Свабода"

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч накіравала скаргу на імя Генеральнага пракурора РБ з нагоды таго, што да яе мужа, які адбывае 15-суткавы арышт у ЦІП, ужо трэція суткі не пускаюць адваката.

Паводле Марыны Адамовіч, да Статкевіча не пускаюць адваката па розных надуманых прычынах. Напрыклад, 26 верасня адвакату паведамілі, што ўсе пакоі для сустрэчы з арыштаванымі занятыя, няма магчымасці іх вызваліць. Пры гэтым адвакат палітыка быў першым, хто з’явіўся раніцай на сустрэчу з арыштаваным, а на працягу дня на тэрыторыю ЦІП шмат разоў бесперашкодна праходзілі прадстаўнікі следчых органаў, адвакаты, аператыўныя супрацоўнікі і іншыя асобы. 27 верасня супрацоўнікі ЦІП наўпрост сказалі адвакату, каб ён нават не спрабаваў трапіць, бо ўсё роўна не атрымаецца.

Таксама ў сваёй скарзе Марына Адамовіч адзначае, што права на абарону яе мужа было парушана і падчас судовага працэсу 26 верасня, кады Статкевіча завочна судзілі за ўдзел у акцыі 8 верасня і ў выніку далі яшчэ 5 сутак арышту. Паседжанне адбывалася без яго ўдзелу, бо палітык не быў дастаўлены з ЦІП у суд і, адпаведна, не мог ажыццяўляць сваю абарону.

Дадзеныя факты сведчаць аб грубым парушэнні права Мікалая Статкевіча на абарону. Марына Адамовіч лічыць, што адміністрацыя ЦІП робіць гэта наўмысна і таму просіць Генеральнага пракурора правесці праверку па факце парушэння законнасці і права Статкевіча на абарону з боку службовых асобаў ЦІП і ў выпадку ўстанаўлення такіх фактаў прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Нагадаем, Мікола Статкевіч быў затрыманы 22 верасня пасля паседжання Рады БНК і адпраўлены ў ЦІП на вул. Акрэсціна адбываць 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 3 ліпеня. Да таго моманту Статкевіч прабыў на волі тры тыдні: 31 жніўня ён быў вызвалены пасьля 5 сутак арышту за парушэнне, якое ён нібыта ўчыніў яшчэ на акцыі 30 сакавіка. Тады Мікалай Статкевіч на выхадзе з ЦІП сустракаў паплечнікаў, якія адбывалі арышты пасля Дня Волі, і разгарнуў там бел-чырвона-белы сцяг, што, хутчэй за ўсё, праваахоўныя органы і расцанілі як несанкцыянаваны сход.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства