viasna on patreon

Гомель: Тры суды над незалежнымі журналістамі

2017 2017-09-27T11:57:24+0300 2017-09-27T11:57:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

27 верасня гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына судзяць за незаконны выраб прадукцыі СМІ для польскага тэлеканалу “Белсат” у Петрыкаве і Жлобіне, паведамляе Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

– Без чвэрці адзінаццаць мяне маюць судзіць за фрылансерскую дзейнасць у Петрыкаўскім раённым судзе, а ў 15.30 я ўжо мусіць быць у Жлобінскім судзе. Калі ў судах лічаць, што я маю ўрадавы верталёт, то гэта не так. Усё гэтыя і папярэднія суды нада мною ды іншымі такімі ж фрылансерамі, відавочна, з’яўляюцца помстай за тое, што мы даводзім да ведама грамадскасці пра набалелыя людскія праблемы, распавядаем пра карупцыю ў шэрагах чыноўнікаў ад улады, – лічыць Кастусь Жукоўскі.

У Петрыкаўскім раёне Жукоўскі і Толчын знялі сюжэт пра занядбаны вайсковы гарадок у Мышанцы, дзе мясцовыя жыхары ўжо каторы год скардзяцца ва ўсё канцы на стан будынкаў. Дахі дамоў, якія былі пабудаваныя яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, працякаюць. Як толькі пойдзе моцны дождж, вада трапляе і ў кватэры.

Жлобінская міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы на Жукоўскага і Толчына за “інтэрв’юіраванне жыхароў вёскі Пірэвічы” з прычыны падзяжу свіней і каранцінныя захады вакол паселішча.

Адміністрацыйны пратакол у Жлобінскім раённым судзе разглядаюць сёння толькі ў дачыненні да Кастуся Жукоўскага, а Андрэя Толчына выклікаюць у гэты ж суд заўтра.

Апроч таго, супраць Толчына судовы выканаўца Савецкага раёна Гомеля Пётр Міцкевіч распачаў справу на прымусовае спагнанне 1150 рублёў штрафу, накладзенага судом Мазырскага раёна.

– Калі і за што мяне аштрафавалі ў Мазыры, я не ведаю. Магу толькі здагадвацца. Ніякіх позваў у суд я не атрымліваў і абскардзіць штраф не меў магчымасці, – паведаміў Службе маніторынгу БАЖ Андрэй Толчын.

Незалежных журналістаў сёлета ў судах Гомельскай штрафавалі 16 разоў за так званы незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Агульная сума штрафаў склала 13294 рублі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства