Сем новых судоў чакаюць гомельскіх незалежных журналістаў
У Гомелі міліцыя ўзмацняе ціск на незалежных журналістаў, чые матэрыялы зьяўляюцца ў эфіры спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».
Літаральна за некалькі апошніх дзён трое журналістаў-фрылансэраў атрымалі сем адміністрацыйных пратаколаў паводле часткі 2 артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: Кастусь Жукоўскі — з Жлобінскага, Добрускага і Гомельскага райаддзелаў міліцыі, Марына Драбышэўская — два з Чыгуначнага, Ларыса Шчыракова — з Савецкага і Чыгуначнага РАУСаў Гомля, паведамляе Радыё Свабода.
«У Жлобіне, — кажа Жукоўскі, — мяне чарговы раз хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за сюжэт пра мясцовую камунальную гаспадарку, якая не спраўляецца з рамонтам дахаў. У Добрушы — за згадку пра затрыманьне чачэнскага спартоўца Мурада Амрыева ў пункце пропуску „Весялоўка“ і перадачу яго расейскаму боку. Гомельскі РАУС патрабуе судзіць мяне за сюжэт пра падзёж сьвіней на комплексе „Добрая хрюшка“ ў вёсцы Зялёныя Лукі — там мяне абпырскалі хімікатамі, і адтуль я трапіў у таксыкалягічнае аддзяленьне шпіталя».
Марыну Драбышэўскую міліцыя вінаваціць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ на падставе відэасюжэтаў, паказаных у ліпені на «Белсаце» — пра вулічную музыку ў абласным цэнтры, а таксама пра пастаноўку ў лялечным тэатры спэктакля па раману Ільлі Эрэнбурга «Бурлівае жыцьцё Лазіка Ройтшванеца».
Пратаколы ў дачыненьні да незалежнай журналісткі Ларысы Шчыраковай былі складзеныя ў Савецкім і Чыгуначным райаддзелах міліцыі Гомля за матэрыялы пра гаротны стан аўтарынку «Асаўцы» і пратэст гараджанаў супраць намеру ўладаў ушчыльніць забудову на вуліцы Цімафеенкі.
«Ціск на незалежных журналістаў, — лічыць Ларыса Шчыракова, — ня толькі не спыняецца, але нават узмацніўся. Выглядае, што праваахоўныя органы проста змушаюць фрылансэраў, і мяне асабіста, сыходзіць з прафэсіі. Але пакуль ёсьць яшчэ сілы супраціўляцца ціску, ёсьць салідарнасьць і падтрымка калегаў. Дый героі публікацый стаяць на маім баку, адзначаючы, што праца сацыяльна важная і карысная».
Толькі сёлета на падставе міліцэйскіх пратаколаў раённыя суды на Гомельшчыне трынаццаць разоў каралі буйнымі штрафамі журналістаў-фрылансэраў. Сума штрафаў у Кастуся Жукоўскага, Яўгена Меркіса, Андрэя Толчына і Ларысы Шчыраковай агулам дасягнула 12 560 рублёў.