viasna on patreon

“Вясна” далучаецца да патрабаванняў аб вызваленні журналіста і праваабаронцы Мехмана Аліева ў Азербайджане

2017 2017-08-29T12:16:36+0300 2017-08-29T12:48:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mehman-aliyev-hrhf.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мехман Аліеў. Фота Human Rights House Network

Мехман Аліеў. Фота Human Rights House Network

Праваабарончы цэнтр “Вясна” падтрымлівае заклік Фонда Дамоў правоў чалавека на адрас уладаў Азербайджана да неадкладнага і безумоўнага вызвалення дырэктара незалежнага інфармацыйнага агенцтва “Туран” Мехмана Аліева, які, услед за іншымі праваабаронцамі і незалежнымі журналістамі краіны, патрапіў пад крымінальны пераслед.

Мехману Аліеву прад’яўлены абвінавачанні ў незаконным прадпрымальніцтве, ухіленні ад сплаты падаткаў і злоўжыванні ўладай. Наступныя тры месяцы ён правядзе пад вартай у чаканні суда. А 30 жніўня ў Ясамальскім раённым судзе Баку будзе разглядацца апеляцыйная скарга арыштаванага журналіста і праваабаронцы.     

Ён быў затрыманы 24 жніўня, пасля таго як добраахвотна з’явіўся на допыт у Дэпартамент падатковых злачынстваў Міністэрства падаткаў Азербайджана.

Фонд Дамоў правоў чалавека распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мехмана Аліева.

“Мы ўзрушаныя апошнім крокам азербайджанскіх уладаў у межах наступу на незалежныя СМІ, а таксама непрыхаваным пераследам адзінага ў краіне крытычнага голасу ў публічнай прасторы”, — сказала дырэктарка Фонда Дамоў правоў чалавека (HRHF) Марыя Дале.

На затрыманне вядомага журналіста адрэагаваў і Савет Еўропы.

“Я заклікаю ўлады Азербайджана паважаць дух супрацоўніцтва краіны з Саветам Еўропы і ў поўным аб'ёме выконваць свае абавязальніцтвы ў адпаведнасці з Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека, з тым каб пазбегнуць яшчэ аднаго выпадку несправядлівага пазбаўлення волі, якому няма месца ў дэмакратычным грамадстве. Сродкі масавай інфармацыі і журналісты павінны быць у стане ажыццяўляць сваю дзейнасць вольна, не падвяргаючыся запалохванню або неапраўданаму ўмяшанню”, — сказаў генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд у заяве з нагоды ​​затрымання Мехмана Аліева.

Паштоўка салідарнасці ад Human Rights House Network
Паштоўка салідарнасці з Мехманам Аліевым ад Сеткі Дамоў правоў чалавека (Human Rights House Network).

На працягу апошніх гадоў азербайджанскія ўлады абвінавацілі некалькі сотняў журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, хуліганстве, незаконным прадпрымальніцтве, нарказлачынствах, а таксама іншых правапарушэннях, якія праваабарончыя арганізацыі і грамадзянская супольнасць называюць сфальсіфікаванымі.

“Працяг прымянення турэмнага зняволення супраць незалежных і крытычных галасоў цалкам знішчае любы давер да ўладаў Азербайджана, і павінен прывесці да жорсткіх дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці”, — дадала Марыя Дале.

Інфармагенцтва “Туран” распаўсюдзіла заяву, у якой абвясціла аб бестэрміновым прыпыненні сваёй працы з 1 верасня, што з’яўляецца прамым вынікам замарожвання яго банкаўскіх рахункаў, а таксама затрымання дырэктара агенцтва.

Крымінальная справа супраць “Турана” была распачатая 7 жніўня 2017 года. 16 жніўня ўлады правялі ператрусы ў офісах агенцтва.

Адзначанае міжнароднай узнагародай інфармацыйнае агенцтва “Туран” было заснаванае ў 1990 годзе. Трохмоўны сайт агенцтва асвятляе тэмы палітыкі, эканомікі, фінансаў, культуры і спорту.

“Шмат людзей залежаць ад “Турана”, атрымоўваючы аб'ектыўную інфармацыю, — незалежныя сродкі масавай інфармацыі з'яўляюцца неад'емнай часткай кожнай здаровай дэмакратыі, задачай якіх з’яўляецца забеспячэнне магчымасці грамадзянаў прымаць асэнсаваныя рашэнні. Мы заклікаем улады Азербайджана вызваліць усіх затрыманых журналістаў, блогераў і ўсіх іншых прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, каб аднавіць частку ўпэўненасці ў прыхільнасці Азербайджана да захавання сваіх міжнародных абавязальніцтваў па абароне свабоды слова і незалежных сродкаў масавай інфармацыі”, — кажа Марыя Дале.

Справа супраць “Турана” з’яўляецца адным з многіх прыкладаў падаўлення незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У ліпені ўлады Азербайджана прысудзілі фінансавага дырэктара апазіцыйнай газеты “Азадлыг” Фаіга Амірлі да трох гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў распальванні рэлігійнай нянавісці і ўхіленні ад выплаты падаткаў. У ноч на 29 траўня ў Тбілісі раптоўна знік азербайджанскі журналіст Афган Мухтарлы. Яго сваякі і калегі не ведалі пра месцазнаходжанне журналіста да наступнага дня, калі ён здолеў звязацца са сваім адвакатам, знаходзячыся пры гэтым у следчым аддзеле Дзяржаўнай памежнай службы Азербайджана. У сакавіку фотакарэспандэнт Мехман Гусейнаў атрымаў два гады пазбаўлення волі за паклёп.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства