КПЧ ААН прызнаў парушэнне Беларуссю правоў 12 актывістаў на свабоду мірных сходаў і выказвання меркавання
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы адразу 12 актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) з Гомеля на правядзенне мірных сходаў і выказванне свайго меркавання. Адпаведнае рашэнне па справе “Зінаіда Шуміліна і іншыя (№2142/2012)” прынятае на апошняй 120-й сесіі КПЧ, якая прайшла ў Жэневе ў ліпені бягучага года, паведамляе “Гомельская вясна”.
У Камітэт па правах чалавека ААН ліберальныя дэмакраты паскардзіліся пасля таго, як не знайшлі абароны сваіх правоў унутры краіны. Тады чыноўнікі Гомельскага гарвыканкаму запатрабавалі ад іх аплаціць паслугі міліцыі, камунальшчыкаў ды хуткай дапамогі. Акрамя таго, пікеты планавалася правесці ў цэнтры гораду, у той час як мясцовым рашэннем усе жадаючыя “памітынгаваць” накіроўваліся ў адно адзінае месца ў горадзе – на так званую адкрытую пляцоўку каля ДК ЧУП “Віпра”.
У рашэнні КПЧ ААН нагадаў, што "калі дзяржава накладае абмежаванне на свабоду мірных сходаў, тады ёй варта садзейнічаць ажыццяўленню права, а не шукаць непатрэбныя або неадпаведныя абмежаванні. А паколькі Урад Беларусі палічыў, што толькі забаронай мірнага сходу можна забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку, ахову маральнасці і здароўя насельніцтва ці абарону правоў і свабодаў іншых асобаў, то ён парушыў права заяўнікоў на свабоду правядзення мірных сходаў і як следства на выказванне меркавання паводле артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах".
КПЧ ААН таксама адзначыў, што "фактычная забарона на правядзенне ў любым грамадскім месцы Гомеля мірных сходаў, за выключэнненм аднаго ў аддаленым раёне, залішне абмяжоўвае права на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў". Ён таксама крытычна паставіўся і назваў “несумерным цяжарам” абавязак заключэння кантрактаў у гэтым кантэксце на паслугі міліцыі, медыкаў ды камунальшчыкаў.
На падставе прынятага рашэння Урад Беларусі мусіць забяспечыць ахвярам парушэнняў “эфэктыўны сродак прававой абароны, уключна з поўным пакрыццём выдаткаў і належнай кампенсацыяй”, а таксама абавязаны “не дапускаць падобных парушэнняў у будучыні”. Акрамя таго, беларусія ўлады абавязаны “змяніць мясцовае рашэнне Гомельскага гарвыканкаму і нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах і практыку іх прымянення такім чынам, каб забяспечыць кожнаму права на свабоду правядзення мірных сходаў”.
Прынятае рашэнне Урад Беларусі павінен апублікаваць на рускай і на беларускай мовах у афіцыйных СМІ і выканаць яго цягам 180 дзён.