Два пратаколы — за падрыхтоўку сюжэту для неіснуючай перадачы
Журналістка Кацярына Андрэева атрымала па пошце адразу два адміністратыўных пратаколы з Цэнтральнага РУУС Менску за стрым з акцыі пратэсту 3 ліпеня і святкаванне Дня дэсантніка 29 ліпеня. Карэспандэнтку вінавацяць у «парушэннi заканадаўства аб СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КоАП) у выглядзе супрацы з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі МЗС.
Па інфармацыі прэс-службы БАЖ, пры гэтым, як адзначаецца ў пратаколе за акцыю 3 ліпеня, журналістка нібыта падрыхтавала відэасюжэт для праграмы «Навіны» на «Белсаце», хаця такой праграмы на тэлеканале наогул не існуе, а відэасюжэт Кацярына Андрэева не рыхтавала – яна толькі вяла стрым з мітынгу.
«У адказ на гэтыя пратаколы, на абвінавачванні ў супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі, мне хочацца запытаць ва ўлады: а чаму журналісты Белсату i, у прыватнасці я, мусяць працаваць такім чынам? Можа таму, што акрэдытацыі фармальна выдае МЗС, а на самой справе кожная кандыдатура праходзіць верыфікацыю «на добранадзейнасць» у зусім іншых структурах? У такім выпадку я толькі цешуся, што не маю акрэдытацыі», — кажа журналістка ў каментары «Белсату».
Кацярыне Андрэевай пагражае па 50 базавых велічынь (1150 рублёў) штрафу па кожнаму з пратаколаў.
Дата суду над ёй пакуль невядомая.
Журналістку не ўпершыню пераследуюць за яе прафесійную дзейнасць. 12 сакавіка Кацярына Андрэева была затрымана ў Воршы пасля «маршу недармаедаў», з якога вяла стрым, і правяла ноч за кратамі. На наступны дзень Аршанскі гарадскі суд прысудзіў Кацярыне штраф у памеры 30 базавых за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне закону аб СМІ».
4 траўня суд Савецкага раёну Менску завочна прысудзіў журналістцы штраф у памеры 45 базавых велічынь (1035 рублёў) за працу на «маршы недармаедаў» у Берасці 5 сакавіка. Такім чынам, гэта ўжо 3-ці і 4-ты адміністратыўны пратакол, складзены ў дачыненнi да журналісткі ў 2017 годзе.