Падчас другога па ліку візіта ў Мінск сьпецыяльны дакладчык ПАСЕ Хрыстас Пургурыдзес планаваў працягнуць сваё расьсьледваньне па зьніклых без зьвестак вядомых у Беларусі грамадскіх дзеячоў і журналістаў. Але, як паведаміў у інтэрв'ю карэспандэнту Deutsche Welle Х. Пургурыдзес, яму не ўдалося правесьці сустрэчы з афіцыйнымі асобамі, пра якія ён прасіў: «Гэтыя сустрэчы былі адмененыя ўладамі. Гэты факт сьведчыць пра пэўныя тэндэнцыі».
Хрыстас Пургурыдзес адзначыў у інтэрв'ю DW, што ён хацеў сустрэцца з афіцэрам сьпецслужбаў Дмітрыем Паўлічэнкам, а таксама з чатырма асуджанымі, якія знаходзяцца ў турме па абвінавачаньні ў выкраданьні аператара ОРТ Дмітрыя Завадскаго. Парламентарый таксама зрабіў запыт пра сустрэчы з былымі прадстаўнікамі дзяржулады -- Мікалаем Лапацікам і былым Генеральным пракурорам Алегам Бажелка. Але спадару Пургурыдзесу адказалі, што Лапацік і Бажэлка больш не знаходзяцца на дзяржаўнай службе, таму ён мусіць сам паспрабаваць зьвязацца з імі. А што тычыцца сустрэчаў з Паўлічэнкам і групай Ігнатовіча, то «прадстаўнікі ўлады
сказалі, што ім ўдалося атрымаць матэрыялы даклада, які пішацца ў Страсбургу, і гэтыя матэрыялы аказаліся вельмі крытычныя. З гэтай прычыны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка вельмі раззлаваўся і усе гэтыя сустрэчы былі скасаваныя».
Хрыстас Пургурыдзес удакладніў, што яго даклад для Камітэта па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы яшчэ не напісаны:
«Напэўна, у рукі прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска трапілі, і мяркуючы па ўсім, не зусім законым шялхам, нейкія зьвесткі, якім мы абменьваліся з маім сакратаром. Тая пісьмовая інфармацыя і паведамленьні, якімі я абменьваюся са сваімі сакратарамі альбо з іншымі супрацоўнікамі Савета Еўропы не зьяўляюцца дакументамі, якімі нехта можа скарыстаць без сьпецыяльнага на гэта дазволу. Гэта вельмі сур'ёзнае пытаньне. Акрамя таго, відавочна, што ўсе перамовы, якія мы праводзілі ў Беларусі падслухоўваліся і запісваліся.»
У пачатку студзеня Хрыстас Пургурыдзес спадзяецца скончыць свой даклад пра зьніклых. Ён таксама выказаў спадзяваньне, што
ў расьсьледваньні пытаньня пра зьнікненьні людзей у Беларусі акажуць дапамогу расійскія ўлады. Па канкрэтных пытаньнях ужо зробленыя расійскаму боку.