Абвяшчаецца конкурс на ўдзел у Шостай Школе талерантнасці для беларускіх журналістаў
Шостая Школа талерантнасці для журналістаў “Ад мовы варожасці ў СМІ да злачынстваў на глебе нянавісці. Філасофскія асновы “забойства словам” арганізоўваецца і каардынуецца ініцыятывай “Журналісты за талерантнасць” і будзе праходзіць з 14 па 16 ліпеня 2017 года ў Львове (Украіна).
Падчас навучання ўдзельнікі паглыбяць свае веды аб стандартах правоў чалавека, атрымаюць веды адносна талерантнасці, уплыву стэрэатыпаў у нашым жыцці, разумення тэрміну “мова варожасці”, стану ўразлівых групаў у нашым грамадстве, навучацца бачыць праявы стыгматызацыі, дыскрымінацыі і неталерантнасці, а таксама даведаюцца, як пазбягаць іх у прафесійнай журналісцкай дзейнасці.
Мэтавая група: Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца журналісты (штатныя і фрылансеры), рэдактары сродкаў масавай інфармацыі і блогеры, зацікаўленыя ў паглыбленні ведаў у галіне правоў чалавека і ў тэматыцы, звязанай з талерантнасцю і недыскрымінацыяй.
Узрост: ад 18 да 37 гадоў.
Прэтэндэнты на ўдзел у Шостай Школе талерантнасці для беларускіх журналістаў павінны адпавядаць наступным крытэрам:
Актыўна цікавіцца праблематыкай, звязанай з правамі чалавека і дыскрымінацыяй уразлівых сацыяльных групаў;
Мець пэўны досвед працы ў галіне журналістыкі;
Быць гатовымі працаваць у камандзе з іншымі ўдзельнікамі Школы;
Абавязкова ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах на працягу Школы талерантнасці;
Быць гатовымі актыўна супрацоўнічаць пасля навучальнай дзейнасці з арганізатарамі Школы і выкарыстоўваць набытыя веды і навыкі ў прафесійнай журналісцкай дзейнасці;
Арганізатары пакідаюць за сабой права выключыць удзельніка ў выпадку невыканання ўмоваў удзелу ў Школе.
Падача заявак на ўдзел: Удзельнікі Шостай Школы талерантнасці для журналістаў будуць адабраныя на конкурснай аснове арганізатарамі Школы.
Для ўдзелу ў конкурсе прэтэндэнты мусяць даслаць да 2 ліпеня 2017 года ўключна заяўку на ўдзел, якая мае ўключаць у сябе кароткае CV і матывацыйны ліст па электронным адрасе: toljournalists@gmail.com.
Наяўнасць рэкамендацыйных лістоў вітаецца і абавязкова будзе ўлічана падчас правядзення конкурса.
Арганізатары забяспечваюць харчаванне і пражыванне ўдзельнікаў Шостай Школы талерантнасці для журналістаў, выдаткі на праезд да месца правядзення заняткаў і назад (пры наяўнасці праязных дакументаў у межах кошту праезду рэйсавым аўтобусам альбо купэйным ці плацкартным вагонам цягніка). Планаваны ад’езд з Мінска – увечары 13.07.2017 г. (чацвер). Планаванае вяртанне ў Мінск – зранку 17.07.2017 г. (панядзелак).
Ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць”