viasna on patreon

«Я і ІЧУ. Асабісты погляд» - Васіль Бераснёў

2017 2017-06-16T08:01:45+0300 2017-06-16T08:07:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/berasney-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Васіль Бераснёў. Фота: Радыё Рацыя.

Васіль Бераснёў. Фота: Радыё Рацыя.

"Віцебская Вясна" працягвае знаёміць з умовамі адбыцьця пакараньня ў ізалятарах часовага ўтрыманьня Віцебскай вобласьці. Пра тое, як сядзелася ў Воршы, нам распавёў Васіль Берасьнёў, праваабаронца, сябра БХК.

Згодна з пастановай суду, спадар Берасьнёў зьяўляўся адным з арганізатараў маршу «недармаедаў» у Воршы 12 сакавіка. Адбыў у мясцовым ІЧУ 14 сутак.

Я раней ужо сядзеў, у 2006 годзе. Таму сустрэў шмат знаёмых міліцыянтаў. Дык яны мне выбралі добрую камэру.

Наогул, Аршанскі ІЧУ лічыцца найлепшым, узорным па Беларусі. Яго нядаўна пабудавалі. Хоць ізалятар і новы, але ўжо завэдзганы, задрыпаны, запляваны. У распарадку напісана, што кожны тыдзень трэба рабіць генэральнае прыбіраньне, але ніхто гэтага не рабіў.

Камэра, у якую трапіў, была разьлічаная на дваіх чалавек, але прасядзеў я фактычна як у адзіночцы. Двойчы толькі ненадоўга падсялялі іншых, калі было ўсё перапоўнена. Потым мяне некалькі разоў пераводзілі з камэры ў камэру, але і там я быў адзін. Каравульныя сказалі мне, што ёсьць такое распараджэньне, каб у палітычных не было ніякіх кантактаў.

Калі прывялі ў камэру, у ёй быў цэлы пуд гразі. Я запатрабаваў анучу, іншыя прыналежнасьці і інструмэнты. Вымеў, вычысьціў, памыў ракавіну, памыў унітаз. А да таго там дыхаць не было чым.

Камэра была 6 мэтраў у даўжыню і 3 мэтры ў шырыню – 18 квадратаў агульнай плошчы. Прыбіральня там у кутку, адгароджаная бар'ерчыкам. Туалетнай паперы не давалі, а замест, калі вельмі просіш, давалі нейкі стары часопіс, глянцавы. Мыла таксама не было.   

Выдалі мне пасьцельную бялізну. Бялізну сталі выдаваць, толькі як нас прывялі. Бо дагэтуль не было там ні прасьцінаў, ні навалочкі, ні ручніка. Поўны камплект бялізны атрымаў ня толькі я, але і іншыя, у тым ліку адміністрацыйна затрыманыя. Людзі потым казалі: вы – палітычныя, і праз вас нам выдалі спальныя прыналежнасьці.

Ложак уяўляў сабой груба звараны двухпавярховы мэталёвы каркас. На ім быў матрац. Гэты матрац, мабыць, пасьляваенны. А мо і даваенны. Ён быў вельмі забруджаны, увесь пазьбіваны. Але мне пашанцавала – змог карыстацца двума матрацамі, дык трохі менш мэтал адчуваўся. Дый прасьціны і навалочкі мелі такі выгляд, нібыта імі карысталіся не адно дзесяцігодзьдзе, але нават такіх раней не выдавалі. І падушка – зусім маленькая, такая, што калі сьціснуць яе, то можна пакласьці ў кішэню.

Акно ў камэры было. Уяўляла сабой рыфленае шкло – двайное ці трайное, якое прапускала мала сьвятла. Як сонца ўставала – яно трохі прабівалася. У камэры ўвесь час гарэла яшчэ электрычнае сьвятло, але такое, што чытаць было складана – вочы стамляліся.

Праветрываньня пакою не было. Там усё пазакупорвана. Паветра – сьпёртае.

Было радыё. Але навінаў ніякіх не ўключалі. Грала музыка, але ціха – надта вушы ня рэзала.    

Кожнай раніцы і вечара быў шмон – правяралі. У камэру заходзіла брыгада, абстуквалі сьценкі, лазілі паўсюль, глядзелі, каб не было, мабыць, якіх-небудзь выбуховых рэчываў, мо наркотыкі шукалі. З камэры падчас праверкі не выводзілі. Да сябе дакранацца я не даваў, сказаў ім: мяне няма чаго мацаць.

Калі прыйшоў – паглядзеў, якія там у іх інструкцыі на дзьвярох вісяць. Інструкцыя, бачу, што ня тая, якая павінна быць. Я тады папрасіў прынесьці мне закон, на які ў інструкцыі спасылка. Адмовіліся, адказаўшы, што ў пісьмовым выглядзе ў іх няма, толькі ў электронным. Тады я ім сказаў, што буду пісаць пракурору. Пасьля гэтага мяне паклікалі на сустрэчу з начальнікам ІЧУ.

Начальнік быў ветлівы, усьміхаўся. Сказаў, што гэтага закону мне ня дасьць, бо ён для крымінальнікаў. А ў ІЧУ ж 95% – адміністрацыйныя. Па крымінальных справах там адзінкі, толькі некаторыя, якія пад сьледзтвам. І толькі для іх гэтыя інструкцыі пасуюць.  

Дазвалялі тэлефанаваньні. Пісаў заяву – мяне выводзілі, я тэлефанаваў. Званіць мог толькі на хатні тэлефон.    

Я дамогся шпацыраў, якіх там да таго практычна не было, хаця для іх ёсьць абсталяванае месца. Сталі выводзіць на шпацыр і іншых.

Перадачы – давалі. Але можна было ня ўсё. Газэты – толькі зарэгістраваныя. Мне спрабавалі перадаць прафсаюзную газэту, РЭПаўскую, – не дазволілі. Затое «Народную волю» прыносілі, камсамолку, «Аргументы і факты». А ў іх саміх ніякіх падшывак газэтаў няма – ні мясцовых аршанскіх, ні «Советской Белорусии».

Ёсьць невялікая бібліятэка. Нешта стуль браў, а потым мне з дому прыносілі. Сам з сабою ў шашкі гуляў – у мяне там была кніжачка з камбінацыямі. Займаўся зарадкай. Вёў дзёньнік – пісьмовыя прыналежнасьці дазволілі.

Душ дазвалялі раз на тыдзень. Я двойчы хадзіў. Ніхто не крычаў, каб хутчэй, я адзін мыўся столькі, колькі хацеў.

Што тычыцца харчаваньня, яно было турэмнае. У першы дзень не пакармілі зусім. На сьняданак давалі кашу, звараную на вадзе, і кубак кіпню. У абед быў, напрыклад, суп са старой кіслай капусты, якая мабыць, яшчэ часоў перабудовы. На другое – капуста ўжо тушаная, альбо каша ці макароны. Бывала яшчэ нейкая рыбная катлета, але не заўсёды. І на вячэру – каша, і маглі даць кісель. Я пытаў, якая ў іх норма выхаду. Адказалі, што ня ведаюць, раздаюць на вока. Затое хлеба давалі ўдосталь. Нічога не давалі зь вітамінаў. Ні гародніны – нічога. А некаторыя ж там сядзяць падоўгу. Расказвалі, як там некалькі ўкраінцаў сядзелі паўгода – дык з такім харчаваньнем за гэты час можна захварэць на шкробут.

Пакуль быў у ІЧУ, ніхто з прадстаўнікоў органаў, якія павінны кантраляваць харчаваньне, побыт, санітарныя ўмовы, не прыходзіў. Ніхто не прыходзіць – ні судзьдзі, хоць адпраўляюць туды, ні санітарныя службы. Ня ходзіць і пракурор – ні разу яго ня бачылі. І ніхто ня чуў, каб пракурор прыходзіў – а гэта ж яго абавязак глядзець, як там.

Адзінае, з раённага аддзелу ўнутраных справаў прыходзіў намесьнік, які, мабыць, проста на мяне паглядзець прыйшоў. Прыйшоў – пастаяў, памаўчаў, потым кажа: «Вы шмат разоў сядзелі?» – «Зараз другі раз», – адказваю. І ўсё – ён пайшоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства