Суд адмовіўся разглядаць справу супраць блогера Філіповіча
У Гомелі суд Савецкага раёна не стаў разглядаць і адправіў на дапрацоўку ў Савецкі РАУС адміністрацыйную справу ў дачыненні да вядомага відэаблогера Максіма Філіповіча.
Паводле інфармацыі "Гомельскай Вясны", пра гэта блогер даведаўся, наведаўшы 13 чэрвеня канцылярыю суда. Выказваючы асцярожны аптымізм, Максім усё ж спадзяецца, што ўлада не пачне пераследаваць грамадзян за відэа-трансляцыі ў сацыяльных сетках.
Нагадаем, 2 чэрвеня старэйшы лейтэнант міліцыі Савецкага РАУС Дзмітрый Акуліч абвінаваціў блогера ў незаконным вырабе і распаўсюдзе жывых відэа-трансляцый ў сацыяльных сетках.
У пратаколе міліцыянт запісаў (даслоўна): «24.05.2017г. у 10.00 гадзін па адрасе: г. Гомель, вул. Камунараў 3, устаноўлена, што 22.05.2017г. Філіповіч М.Р. незаконна вырабіў і распаўсюдзіў (давёў да грамадскай думкі нявызначанаму колу асоб) шляхам размяшчэння на канале «Гарантый няма» платнага відэахостынгу ютуб, які выкарыстоўваецца апошнім як СМІ (інфармацыйны рэсурс), распаўсюдзіўшы ў дадзенай форме з дапамогай глабальнай камп'ютэрнай сеткі Інтэрнэт чарговае інфармацыйнае паведамленне пад назвай «Справы рабіць, а не словы казаць», адказнасць за якое прадугледжана ч.2 артыкула 22.9 КаАП РБ".
Суд па ўсёй верагоднасці усумніўся ў высновах ўчастковага міліцыянта і завярнуў справу на дапрацоўку для ліквідацыі недахопаў.
Максім Філіповіч: "У міліцыі ўзялі 17 маіх ролікаў з Youtube і склалі пратакол за выраб і распаўсюджванне сродкаў масавай інфармацыі. Яны напісалі што, "з улікам росту папулярнасці свайго тэлеканала Філіповіч Максім Генадзевіч фактычна падмяняе сабой дзяржаўнае СМІ. У тым ліку, па фарміраванні грамадскай думкі сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь", - цытуе міліцыянтаў блогер.
Максім упэўнены, што ў яго дзеяннях адсутнічае склад правапарушэння, паколькі здымаць на відэа і трансляваць гэта відэа ў Youtube кожнаму гарантуе Канстытуцыя. Па гэтай прычыне ён папрасіў СК праверыць ўчастковага міліцыянта на прадмет перавышэння ўлады альбо службовага становішча.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Леанід Судаленка, які дае кансультацыі блогеру па прававых пытаннях адзначае, згодна Закона аб СМІ Інтэрнэт як сродак масавай інфармацыі не падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі.
«Калі няма прэтэнзій да зместу відэа-трансляцый, то сам факт іх распаўсюду па-за залежнасці ад колькасці падпісчыкаў ў блогера, не з'яўляецца парушэннем заканадаўства аб СМІ. І наогул, у гэтай сітуацыі мяне здзіўляе той факт, што галоўным экспертам па такой важнай для грамадства тэме як ацэнка прадукцыі СМІ прызначылі ўчастковага міліцыянта», - падкрэсліў праваабаронца.
Санкцыя ч.2 артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) прадугледжвае штраф у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь.