Алесь Бяляцкі: Па сутнасці, адказ Генпракуратуры на мой зварот – звычайная адпіска
У апошні час у кіраўніцтва Мінскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), з’явілася заганная практыка – не дапускаць адвакатаў да адміністратыўна арыштаваных палітыкаў і актывістаў і, тым самым, пазбаўляць іх у юрыдычнай дапамозе. Толькі ад пачатку траўня стала вядома пра некалькі выпадкаў парушэння права грамадзян на абарону. Гэта тычыцца нядопуску абаронцаў да Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка.
Справядліва палічыўшы, што такія дзеянні парушаюць міжнародныя абавязальніцтвы краіны і нацыянальнае заканадаўства, старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі звярнуўся ў Генеральную пракуратуру, як да органа, які наглядае за захаваннем законнасці, правоў і свабод грамадзян.
"Лічу, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб наўмысных дзеяннях адміністрацыі ЦІП, скіраваных на супрацьдзеянне аказанню юрыдычнай дапамогі вышэйуказаным асобам” –выказвае сваё меркаванне кіраўнік “Вясны”.
І што ў адказ? Спасылаючыся на Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях (ПВКаАП) начальнік аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М. Папова паведаміла праваабаронцу наступнае:
“Пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні можа быць абскарджана асобай, у адносінах да якой яна вынесена, пацярпелым, іх прадстаўнікамі ці абаронцам”.
А паколькі А. Бяляцкі не з’яўляецца ўдзельнікам адміністратыўнага працэсу, дык ён, маўляў, не мае права абскарджвання пастаноў па справах, і ў тым ліку дзеянняў супрацоўнікаў ЦІП.
Аднак у сваім звароце Алесь Бяляцкі прасіў пра зусім іншае, а менавіта - правесці пракурорскую праверку па фактах правамернасці адмовы ў паслугах адваката асобам, якія адбываюць адміністратыўны арышт, а ў выпадку ўстанаўлення фактаў парушэнняў заканадаўства з боку службовых асобаў ЦІП прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
“Па-сутнасці, адказ Генпракуратуры на мой зварот – ні што іншае, як звычайная адпіска. Адпіска, у якой пракуратура наумысна "не заўважае" пастаўленай праблемы. Такія фармальныя адказы з боку пракуратуры спрыяюць новым парушэнням заканадаўства кіраўніцтвам Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў” – каментуе праваабаронца.