173 дні да запуску цэлюлознага камбінату ў Светлагорску. Жыхары супраць
У Светлагорску да запуску рыхтуецца супольнае беларуска-кітайскае прадпрыемства па вытворчасці сульфатна-беленай цэлюлозы. Завод будзе адносіцца да першага класу небяспекі: у працэсе адбельвання цэлюлозы хлорам утвараюцца атрутныя хімічныя звязкі. Непакояцца эколагі, хвалююцца і светлагорцы, якія і так маюць ад мясцовых хімічных прадпрыемстваў адчувальныя праблемы са здароўем.
Як паведамляе Белсат, вытворчасць беленай цэлюлозы шмат у якіх краінах забароненая, а ў Беларусі няма санітарна-тэхнічных крытэраў, каб кантраляваць узровень хлорсілантаў у паветры, якія ўтвараюцца падчас хімічных працэсаў, і рэагаваць на іх выкіды.
Частка абсталявання, якое праклалі кітайцы, не адпавядае патрабаванням бяспекі для хімічных прадпрыемстваў. Гэтак, дэмантаж пракладзенага кітайцамі несертыфікаванага кабелю і ўсталяванне новага можа заняць паўгода, а каштаваць $ 50 млн.
«Сёння мы маем вялікую праблему: пра кабель ужо ведае ўся рэспубліка і па нашых звестках на заводзе абсталявання еўрапейскага няма, а кітайскае. Даверу да якасці ў людзей няма», – кажа Алена Маслюкова з ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу.
Увесці завод у эксплуатацыю планавалі яшчэ залетась, адных кітайскіх крэдытаў улады ўзялі на $ 550 млн. Чыноўнікі супакойвалі светлагорцаў, што абсталяванне на заводзе будзе на 80 % еўрапейскае і толькі на 20 % – кітайскае. Але аўстрыйцы адмовіліся ўсталёўваць абсталяванне – нібыта з прычыны няўстойлівасці фундаменту.
Нас падманваюць, і жыць у такім горадзе нам становіцца проста небяспечна, – кажа Маслюкова. – Дзе гарантыя, што калі яго запусцяць ён не выбухне і дыяксід хлору не патрапіць у паветра і не атруціць усіх людзей, якія жывуць у горадзе раёне і нават ува ўсёй рэспубліцы.
Часу да запуску прадпрыемства застаецца ўсё меней, пасля некалькіх гадоў супрацьстаяння з кіраўніцтвам заводу цяпер актывісты маюць намер звяртацца ў Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.
"Хімічнай вытворчасцю, шкоднай экалагічна, наш горад перагружаны і так, – лічыць эколаг Вадзім Болбас. – І гэта было стратэгічнай памылкай. Пасля запуску камбінату жыццё ў вёсцы Якімава-Слабада стане невыносным, а жыццё людзей у бліжэйшых мікрараёнаў стане менш камфортным".
Плануецца, што пасля ўвядзення ў эксплуатацыю на светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце штогод будзе перапрацоўвацца 2,5 мільёна кубоў драўніны і выпускацца 400 тыс. сульфатнай беленай цэлюлозы, з якой завод у Добрушы будзе прадукаваць 200 тыс. тонаў кардону адпаведна.