FIDH: У Расіі за год да прэзідэнцкіх выбараў вядзецца жорсткі наступ на свабоду сходаў
З канца сакавіка ў Расіі, пры адсутнасці дастатковай увагі з боку сусветнай грамадскасці, пачаўся новы віток рэпрэсій у дачыненні да мірных маніфестантаў. У розных гарадах краіны былі затрыманы каля 1500 чалавек.
На працягу апошніх тыдняў стала вядома пра шматлікія масавыя затрыманні, у тым ліку падчас пратэстных акцый 29 красавіка пад назвай «Надакучыў» і падчас дэманстрацый 1 траўня. Новы палітычна матываваны крымінальны працэс можа ператварыцца ў найбуйнейшы крымінальны пераслед мірных маніфестантаў у сучаснай Расіі.
26 сакавіка 2017 г. у час затрыманняў і перавозкі затрыманых у аддзяленні паліцыі многія ўдзельнікі маніфестацый, як паведамляецца, падвяргаліся жорсткаму абыходжанню з боку супрацоўнікаў паліцыі. Незалежны медыя-праект «АУС-Інфа», які адсочвае затрыманні, звязаныя з пратэстнымі акцыямі, атрымаў інфармацыю пра факты катаванняў, запалохвання і ціску. Гэтыя звесткі былі атрыманыя непасрэдна ад асобаў, вызваленых з-пад варты, карыстальнікаў гарачай лініі «АУС-Інфа», з відэаматэрыялаў і апавяданняў відавочцаў, а таксама ад незалежных назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ.
Гэтыя матэрыялы пацвярджаюць факты жорсткага абыходжання з затрыманымі з мэтай атрымання ад іх інфармацыі, якая патэнцыйна можа паслужыць падставай для распачынання крымінальных спраў супраць удзельнікаў пратэстных акцый. Увечары 26 сакавіка ўлады абвясцілі аб узбуджэнні крымінальнай справы па абвінавачванні ва ўжыванні гвалту да прадстаўніка ўлады, уключаючы замах на жыццё, што прадугледжвае пакаранне аж да пажыццёвага зняволення. На той момант у Маскве былі арыштаваны чатыры чалавекі, іх імёны больш за два тыдні, да сярэдзіны красавіка, хаваліся ад грамадскасці.
«Адмова грамадзянам у праве на мірныя сходы цягне за сабой іншыя злоўжыванні і пазбаўляе краіну апошніх дэмакратычных прынцыпаў», - заявіў Прэзідэнт FIDH Дзімітрыс Хрыстопулас.
Паводле «АУС-Інфа», над крымінальнымі справамі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, якія праходзілі ў сакавіку 2017 года ў Маскве, працуюць, па меншай меры, 145 следчых. Гэта дае падставу падазраваць, што ў хуткім часе распачнецца хваля арыштаў. Сярод следчых - генерал-маёр Рустам Габдулін, які кіраваў расследаваннем па так званай «Балотныя справе». Расследаванне "Балотнай справы" прывяло да працяглага крымінальнга пераследу і турэмнага зняволення дзясяткаў маніфестантаў, якія прынялі ўдзел у пратэстнай акцыі на Балотнай плошчы ў Маскве ў траўні 2012 года, а таксама да поўнамаштабнага наступу на грамадзянскую супольнасць.
Акрамя таго, згодна з паведамленнямі, палітвязні па «Балотнага справе», якія знаходзяцца ў зняволенні, у апошні час падвяргаюцца павышанаму ціску з боку ўладаў. Тры тыдні таму Іван Няпомняшчых, прысуджаны да двух з паловай гадоў за ўдзел у акцыях пратэсту на Балотнай плошчы, быў змешчаны ў адзіночную камеру, падвергнуты жорсткаму збіццю і пазбаўлены доступу да адваката. 17 красавіка 2017 г. хатні арышт Дзмітрыя Бучанкова быў падоўжаны на шэсць месяцаў у межах узбуджанай супраць яго ў 2016 г. крымінальнай справы. Раней Бучанкоў правёў больш за год у СІЗА. Паводле яго слоў, у дзень маніфестацыі яго нават не было ў Маскве.
Пратэстныя акцыі сакавіка 2017 года амаль не асвятляліся расійскімі СМІ. Разам з тым, рэакцыя ўладаў у розных выпадках выяўлялася ў абвінавачаннях у дачыненні да грамадзян, якія выкарыстоўвалі сваё канстытуцыйнае права на свабоду сходаў. Арганізатараў масавых пратэстаў называлі правакатарамі, а ўдзельнікаў акцый абвінавачвалі ў тым, што ім заплацілі.
Падобныя заявы і бяздзейнасць уладаў у адказ на скаргі пра жорсткае абыходжаньне з боку паліцыі спрыяюць атмасферы беспакаранасці ў выпадках гвалту ў дачыненні да да грамадзян, якія выказваюць свой пратэст. Удзельнікі пратэстных акцый, незалежныя журналісты і прадстаўнікі апазіцыі падвяргаюцца нападам з выкарыстаннем неідэнтыфікаваных таксічных вадкасцяў, а таксама небяспечных ці прыніжаючых годнасць рэчываў, такіх як экскрыменты. У апошні час таксама паведамляецца пра выпадкі нанясення матэрыяльнага ўрону і падпалаў. У адным з апошніх эпізодаў Аляксей Навальны, апазіцыйны палітык і арганізатар пратэстаў 26 сакавіка, быў 27 красавіка абліты зялёнкай. У выніку яму давялося правесці афтальмалагічную аперацыю, паколькі пры трапленні ў вока зялёнка наносіць сур'ёзныя траўмы.