viasna on patreon

«Даецца складана і марудна рухаецца», — Беларусь упершыню за 20 гадоў трымае справаздачу перад КПЧ ААН

2017 2017-05-19T11:48:05+0300 2017-05-23T12:56:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-svaboda-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 траўня ў Менску адбылося абмеркаваньне пэрыядычнага дакладу ў справе выкананьня Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах чалавека. Дакумэнт пададзены ўрадам Беларусі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Мерапрыемства ладзілася сумесна прадстаўніцтвам ААН у Беларусі і Міністэрствам замежных спраў.

Такая кансультацыя арганізаваная ўпершыню за 20 гадоў — апошні раз даклад быў прэзэнтаваны ў 1997-м, хоць павінен рыхтавацца сама меней раз на пяць гадоў.

Супольны даклад падрыхтавалі МЗС Беларусі, Вярхоўны Суд, КДБ, МУС, Генпракуратура ды іншыя ўрадавыя структуры.

Апроч супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў, на сустрэчу былі запрошаныя ў тым ліку прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, зарэгістраваных у Беларусі. Журналістаў на абмеркаваньне не дапусьцілі, абмежаваўшы прысутнасьць афіцыйнай часткай.

Алег Гулак. Фота: svaboda.org

Па выніках паседжаньня сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода падзяліўся старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

«Пра тое, наколькі краіна шчыра адказвае на пытаньні абавязкаў паводле пакту, можна зрабіць выснову з аналізу справаздачы. Мерапрыемства хутчэй было пра магчымасьць узаемадзеяньня на гэтым шляху. І калі яго ацэньваць, я ўсё ж гаварыў бы пра стрыманы аптымізм. Вядома, гэта далёка ад таго працэсу, які хацелася б бачыць, — ад рэальнага, глыбокага абмеркаваньня сытуацыі і існых праблемаў.

Тым ня меней важна, што пэўныя крокі ў гэтым кірунку робяцца. Напрыклад, была пляцоўка, на якой прысутнічалі ў тым ліку і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці — адзінае, зноў не былі дапушчаныя незарэгістраваныя арганізацыі. Аднак і грамадзянская супольнасьць, і дзяржаўныя структуры маглі рабіць нейкія крокі, каб такое абмеркаваньне мела месца. Праўда, усё гэта вельмі складана даецца і вельмі марудна рухаецца. Хацелася б, каб было нашмат хутчэй».

Алесь Бяляцкі. Фота svaboda.org

Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», былы палітзьняволены Алесь Бяляцкі на пасяджэньне запрошаны ня быў. Тым ня менш ён ня бачыць у мерапрыемстве нейкага прарыву, паколькі падобныя справаздачы трымаюць усе краіны — у адрозьненьне ад Беларусі, якая робіць гэта ўпершыню за два дзясяткі гадоў:

«Улады любой краіны павінны падаваць свае справаздачы. Беларусь доўгі час тыя абавязкі ігнаравала, і вось нарэшце штосьці падрыхтавалі. Лічыць гэта „пунктам адліку“, па вялікім рахунку, цяжка, гэта проста выкананьне ўзятых на сябе абавязаньняў. Хоць і ў даволі дзіўнай форме — робячы сэпарацыю экспэртаў, людзей, якія займаюцца правамі чалавека. Мы супраць гэтага, лічым, што так рабіць няправільна.

Спачатку ствараецца заканадаўства, якое фактычна парушае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязаньні — дзеліць праваабарончую супольнасьць на легальных і нелегальных, выцясьняе адну з актыўных частак на маргінэз, робячы выгляд, што нас няма. Зразумела, ідзе спроба аслабіць праваабарончы рух у Беларусі. Гэта даўняя тактыка, яна ў нас здаўна выкарыстоўваецца — фактычна ад разгрому няўрадавых арганізацый у 2003-2004 гадах. Тады сярод соцень пацярпелых аказаліся і чатыры праваабарончыя структуры».

Пэрыядычны даклад у справе выкананьня Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах складае больш за паўсотні старонак, ён зроблены ў форме адказаў на пытаньні, якія паступілі з ААН.

Праваабаронцы найперш зьвяртаюць увагу на тое, што беларускі бок фактычна паўтарае сваю пазыцыю: афіцыйны Менск ня лічаць магчымым выкананьне рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН, якія прымаліся паводле пэўных індывідуальных зваротаў грамадзян Беларусі. Маўляў, гэтыя рашэньні маюць не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар.

У сваю чаргу прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці не пагаджаюцца з падобнай пастаноўкай пытаньня. На перакананьне праваабаронцаў, такая пазыцыя якраз і сьведчыць пра парушэньне Беларусьсю сваіх міжнародных абавязаньняў, якія вынікаюць з пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

А паколькі Беларусь адмаўляецца рэагаваць на рашэньні структураў ААН, атрымліваецца, што норма Канстытуцыі, якая дае грамадзянам права на звароты ў міжнародныя арганізацыі ў выпадку парушэньня іх правоў, сапраўды носіць дэклярацыйны характар.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства