viasna on patreon

«Адвага»: новая глабальная кампанія Amnesty International у падтрымку праваабаронцаў Відэа

2017 2017-05-17T16:17:34+0300 2017-05-17T16:27:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ai-hrd-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2016 год стаў рэкордным па колькасці нападаў на праваабаронцаў ва ўсім свеце

  • Amnesty International запускае новую сусветную кампанію «Адвага», каб спыніць хвалю нападаў на праваабаронцаў.
  • У 2015 годзе былі забітыя 156 чалавек за тое, што яны абаранялі правы чалавека, у 2016 годзе - ужо 281 чалавек.
  • У выніку рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, шырокага прымянення сачэння ў інтэрнэце і кампаній шальмавання праваабаронцы ва ўсім свеце сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай колькасцю нападаў.

Усе тыя, хто абараняюць правы чалавека, а гэта лідары мясцовых суполак, адвакаты, журналісты, супрацоўнікі НКА, сутыкаюцца ва ўсім свеце з беспрэцэдэнтнай колькасцю нападаў, пагрозаў і выпадкаў дзяржаўнага пераследу. Amnesty International запускае новую глабальную кампанію «Адвага» з патрабаваннем пакласці канец нападам на людзей, якія адважна вядуць барацьбу з несправядлівасцю.

«Сёння мы назіраем рост нападаў з боку ўрадаў, узброеных фармаванняў, карпарацый і ўсіх тых, хто надзелены ўладай, на самое права абараняць правы чалавека. Галоўны ўдар абвальваецца менавіта на праваабаронцаў», - заявіў Саліл Шэці, генеральны сакратар Amnesty International.

«Прэзідэнт Расіі Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін, егіпецкі прэзідэнт Абдул-Фатах Ас-Сісі і іншыя лідары на ўсіх кантынентах ўсё больш актыўна падрываюць асновы, неабходныя для існавання свабоднага, справядлівага і раўнапраўнага грамадства. Аднімаючы ў людзей іх права на пратэст, ведучы за імі сачэнне, прыгнятаючы, запалохваючы і нападаючы на іх і іх абшчыны, урады літаральна перакрываюць кісларод тым, хто змагаецца за нашыя правы», - дадаў Шэці.  

У брыфінгу Amnesty International «Праваабаронцы пад пагрозай - скарачэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці», які быў апублікаваны адначасова са стартам кампаніі «Адвага», падрабязна распавядаецца пра беспрэцэдэнтную небяспеку, з якой сёння сутыкаюцца  праваабаронцы. Паводле інфармацыі НКА Front Line Defenders, у выніку пераследу гіне ўсё большая колькасць людзей: у 2016 годзе ва ўсім свеце за абарону правоў чалавека быў забіты 281 чалавек, што амаль удвая пераўзыходзіць звесткі 2015 года, калі загінулі 156 чалавек.

«Аўтарытарныя кіраўнікі, якія займаюцца прыгнётам правоў чалавека, спрабуюць нас пераканаць, што яны дзейнічаюць выключна ў нашых інтарэсах - але гэта не так. Насамрэч, толькі тыя, хто абараняе нашыя правы, абараняюць нас - і за гэта яны сутыкаюцца з пераследамі. У 2017 годзе становішча праваабаронцаў дасягнула крытычнай адзнакі з прычыны мераў, праз якія дзяржавы топчуць нашыя правы», - адзначыў Саліл Шэці.

Метады, якія выкарыстоўваюцца для пераследу праваабаронцаў

У брыфінгу гаворыцца, што спалучэнне масавага сачэння, новых тэхналогій, супрацьпраўнага прымянення законаў і барацьбы з мірнымі пратэстамі стварылі беспрэцэдэнтны ўзровень небяспекі для праваабаронцаў.

Акрамя іншых небяспекаў, намецілася тэндэнцыя шырока выкарыстоўваць новыя тэхналогіі і адраснае сачэнне, у тым ліку ў інтэрнэце, для таго каб пагражаць і запалохваць актывістаў, змушаючы іх замаўчаць.

За актывістамі з Бахрэйна, якія знаходзяцца за мяжой, урад сочыць, выкарыстоўваючы шпіёнскія праграмы. Урады ва ўсім свеце прымушаюць інтэрнэт-кампаніі перадаваць ім свае ключы шыфравання і дэшыфраваць прыватную перапіску ў інтэрнэце, не задумваючыся пра наступствы.  Напрыклад, у Вялікабрытаніі паліцыя вяла сачэнне за журналістамі, каб вызначыць іх крыніцы інфармацыі.

У такіх краінах, як Мексіка і Расія, сеткі платных троляў вядуць ўсё большую колькасць кампаній, падчас якіх распаўсюджваюць ілжывыя звесткі для дыскрэдытацыі праваабаронцаў і журналістаў.

Сеткавае сачэнне і тролінг папоўнілі арсенал барацьбы з актывістамі, у які таксама ўваходзяць забойствы і гвалтоўныя знікненні, абмежаванне права на мірны пратэст і супрацьпраўнае выкарыстанне крымінальных, грамадзянскіх і адміністрацыйных законаў для пераследу праваабаронцаў.

Amnesty International звяртае ўвагу на тое, што ў 2016 годзе:

  • праваабаронцы былі забітыя па меншай меры ў 22 краінах
  • у 63 краінах яны станавіліся аб'ектамі паклёпніцкіх кампаній
  • у 68 краінах іх арыштоўвалі і затрымлівалі выключна за іх мірную дзейнасць
  • у 94 краінах ім пагражалі альбо яны падвяргаліся нападам.

«Урады ва ўсім свеце, якіх бы ідэалогій яны ні прытрымліваліся, часцяком адкрыта варожыя ў адносінах да праваабаронцаў і вядуць супраць іх кампанію ачарнення, малюючы актывістаў тэрарыстамі або замежнымі агентамі», - падкрэсліў Саліл Шэці.

«Перад намі стаіць пытанне, мы збіраемся пакінуць усё як ёсць і дазволіць надзеленым уладай знішчыць праваабаронцаў, якія часта з'яўляюцца апошняй лініяй абароны свабоднага і справядлівага грамадства? Ці мы будзем змагацца і перашкодзім ім?»

Amnesty International запускае новую глабальную кампанію ў падтрымку праваабаронцаў

З улікам гэтых новых небяспекаў, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы, Amnesty International запускае новую кампанію «Адвага». Мы заклікаем дзяржавы прызнаць законнай дзейнасць тых, хто змагаецца за павагу чалавечай годнасці і роўныя правы для ўсіх людзей, за іх свабоду і бяспеку.

Amnesty International патрабуе, каб краіны выконвалі свае абавязальніцтвы, якія яны ўзялі на сябе, калі ААН прыняла Дэкларацыю аб праваабаронцах ў 1998 годзе. Гэтая дэкларацыя заклікае краіны прызнаць важную ролю і ўнёсак тых, хто абараняе правы чалавека, і прыняць эфектыўныя меры для іх абароны.

Сусветная кампанія раскажа грамадскасці пра праваабаронцаў, якія пастаянна сутыкаюцца з небяспекай праз сваю дзейнасць. Другой яе мэтай стане ціск на ўрады і заканадаўцаў з тым, каб умацаваць прававую базу па абароне праваабаронцаў. Amnesty International таксама працягне расследаваць напады на актывістаў і цесна супрацоўнічаць з групамі, каб падштурхнуць людзей больш актыўна ўдзельнічаць у абароне сваіх правоў.

«Фрэдэрык Дуглас і Эмелін Панкхёрст, Роза Паркс, Бхімрао Рамджы Амбедкар і Нэльсан Мандэла - гісторыя мае шмат выпадкаў, калі звычайныя людзі адмаўляліся згаджацца з цяперашнім становішчам справаў і ўступалі ў барацьбу за правую справу, - заўважыў Саліл Шэці. - Гэты дух адвагі жывы і сёння. Няхай гэта будзе Малала Юсуфзай ці Чэлсі Менінг, сёння таксама ёсць людзі, якія прама зараз падвяргаюцца велізарнай небяспецы дзеля нас. Без іх мужнасці ў нашым свеце было б яшчэ менш сумленнасці, справядлівасці і роўнасці. Таму сёння мы заклікаем усіх, а не толькі сусветных лідараў, выступіць у абарону праваабаронцаў і абараніць адважных».

Поўны тэкст дакумента

«Праваабаронцы пад пагрозай - скарачэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці» (па-англійску)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства