viasna on patreon

Тактыка дыялогу замест разгону дэманстрацый. Шведскі досвед

2017 2017-05-16T22:55:07+0300 2017-05-23T00:08:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna_u_dyjalohavaj_palicyi.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

«Мы спыняем дзеянні, а не меркаванні». «Каральная дзея, а не пункт гледжання». «Даць магчымасць выказацца ўсім бакам - значыць прадаставіць абарону грамадству». На гэтыя пастулаты ў сваёй працы з вулічнымі дэманстрантамі абапіраюцца сілы правапарадку ў Швецыі. Там для забеспячэння канстытуцыйных правоў і абароны ўдзельнікаў публічных маніфэстацыяў працуюць адмыслова навучаныя супрацоўнікі Дыялогавай паліцыі, з якімі давялося сустрэцца беларускім праваабаронцам.

Пра розныя аспекты дзейнасці Дыялогавай паліцыі і яе функцыі ў складзе Паліцэйскага ўпраўлення Стакгольма сваім беларускім гасцям распавялі інспектары Рогер Экенстэдт і Таня Віклунд (на фота ў цэнтры).

viasna_u_dyjalohavaj_palicyi.jpg
Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" ў гасцях у інспектараў Дыялогавай паліцыі Стакгольма. 10 траўня 2017

І няхай гэта ўжо не першая сустрэча шведскіх паліцэйскіх з прадстаўнікамі беларускай арганізацыі, тэма для абмеркавання не страчвае актуальнасці. Тым больш што "Вясне" падчас сакавіцкіх і красавіцкіх пратэстных акцый ўдалося сабраць, абагульніць і прааналізаваць нямала матэрыялу, які адлюстроўвае сутнасць працы супрацоўнікаў беларускай міліцыі ў дачыненні да іх удзельнікаў. Без правядзення паралеляў, натуральна, не абышлося.

На пачатку размовы Рогер Экенстэдт нагадаў, што да ўсведамлення неабходнасці ўкаранення тактыкі, заснаванай на прынцыпах дыялогу, дэ-эскалацыі і бесканфліктнасці ў адносінах з арганізатарамі і ўдзельнікамі дэманстрацый, нацыянальную паліцыю падштурхнулі трагічныя падзеі падчас агульнаеўрапейскага саміту ў другім па велічыні горадзе Швецыі - Гётэборгу.

У ходзе Саміту ЕС у Гётэборгу ў 2001 годзе Швецыя перажыла траўму нацыянальнага маштабу. У выніку масавых беспарадкаў з удзелам антыглабалістаў была паранена вялікая колькасць паліцэйскіх і дэманстрантаў. Быў нанесены значны матэрыяльны ўрон. Паліцыя адкрыла агонь па дэманстрантах. Урад сфармаваў спецыяльны камітэт (Гётэборгскі камітэт) па расследаванні гэтых скрайне сур'ёзных здарэнняў. Камітэт выявіў недастатковасць навучання паліцыі абыходжанню з натоўпам. Усплылі сур'ёзныя метадалагічныя недахопы дадзенай падрыхтоўкі. Было ўстаноўлена, што афіцэры з розных падраздзяленняў карыстаюцца рознымі тактычнымі мадэлямі. Відавочнай стала настойлівая неабходнасць прымянення дыялогавага падыходу падчас дэманстрацый і іншых публічных маніфэстацыяў.

(З Дакладу Упраўлення Шведскай нацыянальнай паліцыі «Дыялогавая паліцыя: досвед, назіранні і магчымасці» (2010))

У ходзе стараннага расследавання масавых беспарадкаў у Гётэборгу было знойдзена рацыянальнае зерне: трэба развіваць дыялогавы пачатак, ролю паліцыі як перамоўцы. Менавіта паводзіны паліцыі падчас масавых сходаў прадвызначаюць тое, як будзе развівацца дэманстрацыйная сітуацыя, падкрэсліў Рогер Экенстэдт.

Дзейнасць Дыялогавай паліцыі з'яўляецца адным з элементаў падыходу, які атрымаў назву «Спецыяльная тактыка Шведскай нацыянальнай паліцыі». За апошнія 5 гадоў шведская паліцыя распрацавала метадалогію ўрэгулявання сітуацый, якія ўяўляюць небяспеку (або могуць стаць небяспечнымі). Гаворка ідзе пра ўжыванне ў штодзённай працы і падчас буйных падзей «Тактыкі Нацыянальнай паліцыі», заснаванай на прынцыпах дыялогу, дэ-эскалацыі і бесканфліктнасці.

Дыялогавая паліцыя мае ролю злучнага звяна паміж паліцэйскім кіраўніцтвам і арганізатарамі дэманстрацый да, падчас і пасля падзеі. Гэта доўгатэрміновая праца па ўстанаўленні ўстойлівага даверу, дасягненні паслядоўнасці і транспарэнтнасці дзеянняў паліцыі. ДП вырашае важную задачу, інфармуючы дэманстрантаў аб тым, як паліцэйскія аперацыі забяспечваюць бяспеку і мірны характар пратэстаў. ДП таксама вызначае межы дазволенага, каб пазбегнуць шкоды здароўю індывіда і буйнамаштабных беспарадкаў.

(З Дакладу Упраўлення Шведскай нацыянальнай паліцыі «Дыялогавая паліцыя: досвед, назіранні і магчымасці» (2010))

Такім чынам, Дыялогавая паліцыя зарадзілася ў Швецыі ў 2003 годзе, а затым гэтая практыка была ўзятая на ўзбраенне іншымі краінамі, напрыклад, Германіяй. Цікава, што ў нашым рэгіёне ўпершыню анты-канфліктныя групы паліцэйскіх з'явіліся ва Украіне - у сувязі з правядзеннем там песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2017".

Прадстаўнікі Дыялогавай паліцыі ажыццяўляюць сваю працу да, падчас і пасля падзеі, калі існуе рызыка канфрантацыі або масавых беспарадкаў, і кіруюцца прынцыпам узаемнай павагі - каб забяспечыць усім бакам магчымасць рэалізацыі правоў на свабоду сходаў і свабоду выказвання, якія ім гарантуе Канстытуцыя краіны.

Дыялогавая паліцыя ў Стакгольме працуе ў розных сітуацыях:

  • падчас маршаў групаў, варожа настроеных у адносінах да іншаземцаў
  • падчас фестываляў, калі ёсць рызыка сутыкненняў асобных групаў
  • падчас пратэстаў і дэманстрацыяў у іншых акругах
  • падчас перадвыбарных мерапрыемстваў
  • падчас акцый у падтрымку нейкіх сітуацый у іншых краінах
  • падчас пратэстаў супраць дзеянняў іншых дзяржаў
  • падчас футбольных матчаў, якія пагражалі міжэтнічнымі сутыкненнямі
  • падчас акцый у абарону правоў жывёлаў
  • падчас бунтаў у прыгарадах
  • падчас пратэстаў супраць дзеянняў працадаўцаў.

Прысутнасць, якая прыводзіць да дэ-эскалацыі

Даследаванні паказваюць, што, калі афіцэры маюць зносіны з прадстаўнікамі натоўпу ў адкрытай і прыязнай манеры, узровень варожасці аказваецца нашмат ніжэй, чым, калі б захоўвалася дыстанцыя, пазбягалася нефармальнае ўзаемадзеянне, дэманстравалася падазронасць да прысутных і да т.п.

Сама прысутнасць ДП спрыяе зніжэнню ў некаторых актывістаў адчування ананімнасці і беспакаранасці. У некаторых выпадках назіраецца стрымліваючае ўздзеянне на ход падзей. Раней наладжаныя кантакты і даверлівыя адносіны з некаторымі асобамі таксама палягчаюць дыялог.

У некаторых выпадках на карысць справе было і тое, што афіцэры ДП былі без зброі. У гэтым ёсць сваё сімвалічнае значэнне. Можна зразумець людзей, якія сталі сведкамі аперацый з прымяненнем зброі і пасля гэтага прыйшлі да высновы аб антынароднасци паліцыі. Бяззбройная ДП дэманструе гэтым людзям, што яна тут, каб дапамагчы ім правесці дэманстрацыю, а не для прымянення сілавых метадаў...

У шэрагу выпадкаў прысутнасць афіцэраў ДП аказвала стрымліваючае ўздзеянне на некаторых іх калегаў. Гэта, у першую чаргу, тычылася тых афiцэраў, хто быў вядомы сваім крытычным настроем ў адносінах да зацверджаных тактычных падыходаў...

У некаторых сітуацыях прысутнасць ДП служыла напамінам астатняму складу паліцыі, што звяртацца да камунікацыі з дэманстрантамі важна і карысна.

ДП забяспечвае хуткае паступленне інфармацыі да камандуючага складу. Выкананне гэтай функцыі палягчае жыццё і некаторым з прадстаўнікоў натоўпу, якія дакладна ведаюць, да каго звярнуцца, каб іх данясенне неадкладна трапіла да начальства.

(З Дакладу Упраўлення Шведскай нацыянальнай паліцыі «Дыялогавая паліцыя: досвед, назіранні і магчымасці» (2010))

Са словаў саміх паліцэйскіх-«перамоўцаў», ім цяжка ацаніць ролю канкрэтна свайго аддзялення ў змене сітуацыі з правядзеннем масавых сходаў, але ў цэлым дасягненні за апошнія 15 гадоў відавочныя: ўнутрыведамасная статыстыка сведчыць аб змяншэнні колькасці сутычак паміж рознымі групамі дэманстрантаў, зніжэнні ўзроўню гвалту ў час дэманстрацый і змяненні іх атмасферы ў цэлым.

present_dyjalohavaj_palicyi.jpg
Кубак з надпісам "Валанцёры паліцыі" зараз нагадвае праваабаронцам "Вясны" пра сустрэчу з паліцэйскімі-"перамоўцамі" Стакгольма

Яшчэ адзін важны аспект у дзейнасці шведскай Дыялогавай паліцыі, які выклікаў цікавасць беларускіх праваабаронцаў, што ажыццяўляюць маніторынг масавых мерапрыемстваў, - супрацоўніцтва са знешнімі партнёрамі: сацыяльнымі службамі, бізнесам, грамадскімі арганізацыямі і т. д. Згодна з дыялогавай канцэпцыяй, «некаторыя асобы і арганізацыі, якія не маюць дачынення да паліцыі, успрымаюцца як дадатковая сіла, здольная дапамагчы абараніць асноўныя правы і свабоды». Такія групы, названыя валанцёрамі паліцыі, таксама спрыяюць наладжванню эфектыўных кантактаў паміж паліцыяй і арганізатарамі акцый.

«У Беларусі - нягледзячы на тое, што суадносіны ліку супрацоўнікаў міліцыі да насельніцтва ў нашай краіне ў восем разоў перавышаюць аналагічны паказчык у Швецыі - таксама ёсць форма прыцягнення валанцёраў - дружыны. Але часта гэта амаль прымусовая форма, не звязаная з разуменнем функцый міліцыі як працы ў інтарэсах грамадства, але - "для падтрымання парадку". У беларускім грамадстве ўсё ж пануе агульны недавер да гэтага органа, і якраз разгоны мірных дэманстрантаў гэтаму спрыяюць», - адзначае каардынатарка Грамадзянскага кантролю Наста Лойка.

У агульным плане, на думку беларускіх удзельнікаў сустрэчы, праца Дыялогавай паліцыі ў чымсьці пераклікаецца з іх функцыямі ў рамках ініцыятывы Грамадзянскі кантроль.

«Паліцэйскія-"перамоўцы" прысутнічаюць падчас акцый у цывільным адзенні, але ў яркіх камізэльках паверх яе, выконваюць медыятарскія функцыі і імкнуцца мінімізаваць канфлікты. Магчыма, мы маглі б і не хадзіць на акцыі ў якасці назіральнікаў пры наяўнасці такіх падыходаў у працы беларускай міліцыі, - кажа Наста Лойка. - Пасля нашай працы ў беларускіх умовах здзіўляе сам фармат адкрытасці паліцыі і гатоўнасць да дыялогу, а таксама разуменне імі сваіх функцый. Вядома, шмат у чым гэта залежыць ад прававой сістэмы дзяржавы: у Швецыі яна спрыяе дэманстрацыям нават пры адсутнасці хадайніцтваў аб іх правядзенні, абараняючы інтарэсы грамадзянаў».

Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка звяртае ўвагу на тое, што падыходы ў працы Дыялогавай паліцыі закліканыя задавальняць інтарэсы як грамадзянаў, так і органаў паліцыі, пры гэтым не ўступаючы ў супярэчнасць адно з другім:

«Па-першае, вельмі зацікавіў падыход па сутнасці дзяржаўнага органа - Дыялогавай паліцыі - да захавання асноўных правоў чалавека. Гэта значыць, усе дзеянні прадстаўнікоў гэтага органа накіраваны на тое, каб дазволіць шараговым удзельнікам усякага роду мірных сходаў спакойна, без перашкодаў з аднаго і другога боку, выказаць сваё меркаванне - тое, дзеля чаго яны, уласна, выходзяць на вуліцу.
Па-другое, мне ў нечым прыйшоўся па душы прагматычны падыход. Так, Дыялогавая паліцыя - гэта дзяржаўны орган, і ён павінен захоўваць інтарэсы іншых дзяржаўных органаў, у тым ліку інтарэсы паліцыі. У гэтай шчырасці дзяржоргана, мне здаецца, ёсць нейкая «разыначка». Яны не толькі «высокімі матэрыямі» мысляць, але і практычнымі катэгорыямі: іх дзейнасць павінна спрашчаць дзейнасць іншых падраздзяленняў паліцыі і зводзіць да мінімуму перспектыву перарастання нейкага супрацьстаяння ў адкрыты канфлікт».

Нягледзячы на каласальную розніцу ў сітуацыі ў Швецыі і Беларусі, праваабаронца бачыць пэўныя перадумовы для стварэння падобнага органа ў нашай краіне.

«Я ўпэўнены, што для шведаў пры стварэнні Дыялогавай паліцыі задачай пад нумарам адзін было выкананне правоў чалавека, а пад нумарам два - той самы прагматызм. У беларускіх рэаліях на першапачатковым этапе можна памяняць гэтыя каштоўнасці месцамі і пачаць з прагматычнасці ў працы міліцыі, а з часам, шляхам выхавання і адукацыі, укараніць ідэю пра тое, што правы чалавека ўсё ж пануючыя, - прапаноўвае Павел Сапелка. - На першым этапе, як я ўжо сказаў, гэты прагматычны падыход дазволіў бы пазбегнуць адкрытага прамога сутыкнення і адкрытага прамога парушэння абодвума бакамі правоў і інтарэсаў адзін аднаго. Што канкрэтна варта распачаць? Усе тыя ж самыя падыходы: паспрабаваць шляхам дыялогу, узаемных саступак, не парушаючы пры гэтым замацаванага ў Пакце [Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваны Беларуссю - рэд.] права на свабоду мірных сходаў, нейкім чынам рэгуляваць інтарэсы і тых, хто выйшаў або збіраецца выйсці на мірны сход, і тых, хто ахоўвае грамадзкі парадак».

Дададзім, што падчас азнаямляльнага візіту ў Стакгольм, які адбыўся па запрашэнні швецкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen, праваабаронцы і валанцёры ПЦ "Вясна" таксама сустрэліся з прадстаўнікамі Інстытута парламенцкага амбудсмэна Швецыі і Нацыянальнага прэвентыўнага механізму, наведалі паседжанне ў акруговым судзе Стакгольма, а таксама СІЗА ў Худзінгу і турму другога ўзроўню бяспекі Беатэберг.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства