viasna on patreon

У Мінску затрыманы Уладзімір Някляеў

2017 2017-05-06T13:12:47+0300 2017-05-06T13:23:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/niakliaeu-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў

Як стала вядома БелаПАН, 6 траўня прыкладна ў 10.30 каля свайго дома ў Мінску супрацоўнікамі АМАП затрыманы апазіцыйны палітык і паэт Уладзімір Някляеў. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Жонка палітыка Вольга Някляева мяркуе, што затрыманне звязана з адміністрацыйнай справай, якая была заведзеная па факце яго ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы недармаедаў" 17 лютага ў Мінску.

Як паведамлялася раней, адміністрацыйная справа Някляева павінна была разглядацца ў судзе Ленінскага раёна Мінску 24 сакавіка, аднак палітык у той час знаходзіўся ў Польшчы, таму што афіцыйнай позвы ў суд не атрымліваў. У выніку суд вырашыў адкласці працэс "да належнага паведамлення". Аналагічнае рашэнне было прынята судом у дачыненні да яшчэ аднаго апазіцыйнага палітыка — Мікалая Статкевіча, які, як і Някляеў, не з'явіўся ў суд.

БелаПАН нагадвае, што ў ноч з 24 на 25 сакавіка, напярэдадні святкавання апазіцыяй Дня Волі, Някляеў быў затрыманы ў Брэсце, калі вяртаўся з Польшчы цягніком Варшава — Масква. Яго даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста, адкуль неўзабаве шпіталізавалі ў гарадскую бальніцу хуткай дапамогі з дыягназам "гіпертанічны крыз". Пасля выпіскі з бальніцы 29 сакавіка Някляеў вярнуўся ў Мінск. За час знаходжання ў бальніцы супрацоўнікі міліцыі з палітыкам не звязваліся, ніякіх следчых дзеянняў у дачыненні да яго не праводзілася.

Варта дадаць, што імя Уладзіміра Някляева фігуруе ў рапарце на імя начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска палкоўніка Артура Шахлая аб правядзенні 1 траўня ў Мінску несанкцыянаванага мітынга на Кастрычніцкай плошчы. Пра наяўнасць гэтага рапарту ПЦ "Вясна" стала вядома падчас суда над адным з выступоўцаў гэтай акцыі Вячаславам Сіўчыкам, які адбыўся 4 траўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства