2-га снежня Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў зыск заснавальніка "Новой газеты Сморгони" Рамуальда Ўлана аб прызнанні несапраўдным загаду міністра інфармацыі прыпыніць выданне на 3 месяцы.
Як паведаміла прэс-служба “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, суд прыняў бок Міністэрства інфармацыі і пагадзіўся, што індывідуальны прадпрымальнік можа выконваць функцыю рэдакцыі СМІ толькі ў выпадку, калі ён з'яўляецца заснавальнікам выдання.
Нагадаем: 3-га лютага г. г. Гродзенскі абласны гаспадарчы суд пазбавіў Р. Улана рэгістрацыі прыватнага прадпрымальніка на падставе невыканання нормаў пажарнай бяспекі і парушэнняў працоўнага і падаткавага заканадаўства. Сп. Улан у пошуках новага выдаўца заключыў дамову з унiтарным прыватным прадпрыемствам "Фермерская гаспадарка "Колас". Пасля двух месяцаў супрацоўніцтва раённы суд прызнаў дзейнасць "Коласа" незаконнай і аштрафаваў прадпрыемства. Пасля гэтага сп. Улан знайшоў новага выдаўца - Лідскую суполку Таварыства беларускай мовы, а яшчэ праз нейкі час заключыў дамову з новым выдаўцом - смаргонским прадпрымальнікам Вольгай Куняўскай.
Міністэрства палічыла, што ў апошнім выпадку была парушана ч. 1 арт. 20 Закона аб друку, згодна з якой рэдакцыя з'яўляецца юрыдычнай асобай. 2-га кастрычніка загадам У. Русакевіча "Новая газета Сморгони" была прыпынена "да стварэння рэдакцыі". Р. Улан, са свайго боку, спасылаўся на арт. 2 Закона аб друку, які дапускае, каб у якасці рэдакцыі выступалі асобныя грамадзяне.
Рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда ўступіла ў законную сілу адразу пасля яго абвяшчэння, але можа быць абскарджана ў парадку нагляду.