viasna on patreon

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу праваабаронцы Паўла Левінава

2017 2017-05-04T11:30:17+0300 2017-05-04T11:33:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-sud-fota.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Левінаў

Павел Левінаў

Скаргу Паўла Левінава на пастанову судзьдзі Кастрычніцкага суду Іны Грабоўскай ад 17 красавіка разглядала судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова. Згодна з рашэньнем суду ніжэйшай інстанцыі, праваабаронца прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці на падставе часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у масавых мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка ды пакараны 15-цю суткамі арышту.

Паводле “Віцебскай Вясны”, Паўла Левінава ў абласным судзе прадстаўляў у якасьці абаронцы Андрэй Левінаў (родны брат). Суд пачаўся з заявы пра адвод судзьдзі з той нагоды, што ў свой час Павал Левінаў паінфармаваў ДАІ і УУС аблвыканкаму пра парушэньне правілаў дарожнага руху судзьдзёй Ірынай Смаляковай – яна перайшла вуліцу Шубіна па-за пешаходным пераходам. Аднак судзьдзя адвод не задаволіла.

Далейшы разгляд справы засьведчыў, што недаверлівае стаўленьне да судзьдзі мела пад сабой пэўныя падставы. На тое, каб выкласьці сутнасьць адміністрацыйнай справы і прэтэнзіі скаржніка, судзьдзі спатрэбілася ўсяго паўтары хвіліны. Маўляў, Павал Левінаў з высновамі суду ня згодны, бо, на ягоную думку, яны не адпавядаюць фактычным абставінам справы. Удзелу ў масавых мерапрыемствах ён ня браў, а выконваў місію назіральніка. Да таго ж падчас адміністрацыйнага працэсу былі парушаныя нормы працэсуальнага права, у тым ліку і права на абарону. 

«Павал Левінаў просіць пастанову судзьдзі І. Грабоўскай адмяніць, а справу аб адміністрацыйным правапарушэньні спыніць з-за адсутнасьці ў дзеяньнях складу адміністрацыйнага правапарушэньня», – адзначыла Ірына Смалякова.

Калі б выкладзенае судзьдзёй бачаньне не абурыла абаронцу, то разгляд справы скончыўся б вельмі хутка. Аднак з выказанай судзьдзёй інтэрпрэтацыяй скаргі абаронца не пагадзіўся. Ён падкрэсьліў, што Павал Левінаў ня скардзіцца на парушэньне заканадаўства, а падае канкрэтныя спасылкі на артыкулы нацыянальнага і міжнароднага права, падпісаныя Рэспублікай Беларусь.

Як заявіў Андрэй Левінаў, суд першай інстанцыі не захацеў разьбірацца ў сутнасьці справы, і, як бачна, абласны суд таксама ня хоча гэтага. Ён заявіў, што вымушаны зачытаць скаргу цалкам, з шасьцю дадаткамі. Судзьдзі відавочна гэта не спадабалася, але пярэчыць яна ня стала. «Хочаце зачытваць усё – калі ласка», – адказала яна.

У сваім выступе абаронца засяродзіў увагу на тым, што паводзіны Паўла Левінава падчас прававога маніторынгу цалкам адпавядалі статуту Беларускага Хэльсынскага камітэту і нормам права. Як і патрабуе заканадаўства, ён меў пры сабе накіраваньне арганізацыі для назіраньня за масавым мерапрыемствам у горадзе Віцебску, а таксама пасьведчаньне пазаштатнага карэспандэнта газэты «Віцебскі кур'ер». Яшчэ 15 сакавіка ён паінфармаваў начальніка УУС пра тое, што 25-26 сакавіка будзе праводзіць маніторынг правоў чалавека падчас мірных сходаў, у адказ на што атрымаў ліст з падзякай за актыўную грамадзянскую пазыцыю.

Пераканаўчых аргумэнтаў прагучала ня мала, але яны ніяк не паўплывалі на канчатковае рашэньне. Выслухаўшы абаронцу – брата Паўла Левінава, які пры канцы свайго выступу заклікаў выправіць прававы промах суду ніжэйшай інстанцыі, судзьдзя Смалякова пастанавіла: «Залічыць у тэрмін адміністрацыйнага арышту, прызначанага Паўлу Левінаву, час ягонага затрыманьня 26 сакавіка з 13 гадзінаў 10 хвілінаў да 23 гадзінаў 30 хвілінаў. У астатняй частцы пастанову суду Кастрычніцкага раёну пакінуць бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня».

Такім чынам, пакінуўшы ў сіле рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, судзьдзя Ірына Смалякова прадэманстравала рэальнае стаўленьне дзяржаўнай сыстэмы да праваабаронцаў і праваабарончай дзейнасьці. Паставіўшыся пагардліва да дакумэнтальна пацьверджанага імунітэту назіральніка праваабарончай арганізацыі, прадстаўніца абласнога суду падтрымала тэндэнцыю на фактычную забарону праваабарончай дзейнасьці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства