Мікалай Дзядок асуджаны на 10 сутак Дапоўнена
29 сакавіка Мікалай Дзядок выпісаўся са шпіталя і дастаўлены ў Партызанскі РУУС Мінска. Пасля 14.00 над ім павінен адбыцца суд.
Падчас акцыі пратэсту на Дзень Волі былы палітвязень быў гвалтоўна затрыманы і потым дастаўлены з чэрэпна-мазгавой траўмай у шпіталь хуткай дапамогі.
Як паведаміў “Радыё Свабода” бацька Мікалая Аляксандар Дзядок, 25 сакавіка яго сына спачатку прывезлі ў Партызанскі РУУС, а пазней - у ЦІП на Акрэсціна. Праз некаторы час высветлілася, што Мікалай Дзядок знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі ў хірургічным аддзяленні.
Згодна з медыцынскім заключэннем, Мікалай Дзядок атрымаў закрытую чэрэпна-мазгавую траўму лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу, параарбітальную гематому злева, удар мяккіх тканяў твару і патыліцы.
У 15.20 распачаўся суд над Мікалаем. Яго абвінавачваюць у парушэнні ч.1 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП РБ. Вядзе працэс суддзя Неўмяржыцкі І.І.
Суддзя не задаволіў хадайніцтва аб вызваленні Дзядка ў сувязі з тым, што прайшло больш за 96 гадзін пасля яго затрымання.
Мікалай Дзядок распавядае, што быў зьбіты ў міліцэйская аўтобусе (білі кулакамі па галаве). У працэсе разгляду справы высветлілася, што сёння (29 сакавіка) на яго быў складзены яшчэ адзін пратакол, у якім пазначана, што Мікалай быў затрыманы сёння ў 12.30 на вуліцы Кіжаватава. Але ў гэты час ён ехаў са шпіталя ў РАУС.
Нягледзячы на разыходжанні ў паказаннях сведак, а таксама на тое, што пратакол аб затрыманні быў складзены праз чатыры дні пасля фактычнага затрымання, Мікалай Дзядок атрымаў 10 сутак арышту.