Суд у Нароўлі: Пракурор запрасіў вышэйшую меру пакарання
На выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда, якое адбывалася 28 лютага ў Нароўлі, дзяржаўны абвінаваўца запрасіў смяротнае пакаранне для мясцовага 32- гадовага жыхара Н. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", ён абвінавачваецца ў забойстве двух чалавек, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю (п.1, 6, 16 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу).
Целы пажылых брата і сястры былі знойдзеныя 5 сакавіка 2016 года ў прыватным доме ў Нароўлі. Забітыя пражывалі разам.
Праз некаторы час меркаваны забойца, які пражываў непадалёк, быў затрыманы. Вядома таксама, што мужчына раней быў судзімы за крадзеж, а ў непаўнагадовым узросце - за забойства.
Прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова паведаміла 8 лютага карэспандэнту БелТА, што абвінавачваны сваю віну прызнаў часткова. Па словах мужчыны забіваць ён не хацеў: прыйшоў да суседзяў за нажніцамі, каб пастрыгчы бацьку, аднак загінуўшы на яго напаў, і мужчыну прыйшлося абараняцца.
Суд па крымінальнай справе аб забойстве двух чалавек распачаўся 8 лютага.