Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Аўдыё
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Анонс выпуска:
“Хроніка”: Пратэсты супраць Дэкрэту №3 працягваюцца. У нядзелю акцыі адбыліся ў Віцебску, Бабруйску, Брэсце і Баранавічах; 22 лютага Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый адзначыла дваццацігоддзе сваёй дзейнасці; Вярхоўны суд Расіі адмяніў прысуд палітвязню Ільдару Дадзіну, ён выйшаў на волю; 26 лютага ў прасторы Punkt у Мінску былы палітвязень Мікалай Дзядок прэзентаваў сваю кнігу “Фарбы паралельнага свету”.
“Каментар”: 23 лютага адбыўся першы суд над дольшчыкамі жылога комплексу “Маяк Мінска”. Напрыканцы студзеня яны выйшлі на пікет супраць няякаснага будаўніцтва падчас адкрыцця “Дана Мол”. І хоць акцыя была мірнай, а камандзір мінскага АМАПу асабіста паабяцаў, што з пікетоўцамі ўсе будзе ў парадку, тры дольшчыкі атрымалі адміністрацыйныя пратаколы, распавядае адзін з дольшчыкаў, Павел Цітоў.
“Падзея”: Распавядаем пра акцыю па абароне Курапатаў, якая распачалася тыдзень таму актывістамі Маладога фронту і на дадзены момант прыцягнула ўжо сотні людзей. У ноч на 23 лютага на лагер актывістаў быў здзейснены напад невядомых у масках, пасля якога некалькі абаронцаў звярнуліся ў міліцыю. Але замест таго, каб прыняць заявы аб нападзе, міліцыянты больш за 6 гадзін пратрымалі трох актыістаў у пастарунку і склалі на іх пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пра падзеі той ночы распавядае актывіст Алег Дашкевіч.
У музычных паўзах – вясновыя кампазіцыі ў выкананні беларускіх і ўкраінскіх гуртоў.