Маладыя праваабаронцы працуюць над стварэннем міжнароднай сеткі назіральнікаў Аўдыё
Моладзевы праваабарончы рух (МПР) – гэта міжнародная сетка маладых праваабаронцаў з каардынацыйным цэнтрам у Маскве, якая ахоплівае ў сваёй дзейнасці шмат напрамкаў, ад праваабарончай адукацыі да кампаній міжнароднай салідарнасці. Адзін з галоўных накірункаў працы МПР – развіццё грамадзянскага кантролю. Сустаршыня каардынацыйнага савету МПР Дзмітрый Макараў распавёў сайту ПЦ “Вясна” пра перспектывы стварэння міжнароднай сеткі назіральнікаў, а таксама пра рэакцыю расійскіх ўладаў на дзейнасць арганізацыі.
- Дзмітрый, распавядзіце, калі ласка, пра развіццё грамадзянскага кантролю ў Расіі. Якія сферы, на вашу думку, патрабуюць увагі грамадства?
- Важны накірунак дзейнасці Моладзевага праваабарончага руху – гэта грамадзянскі кантроль за тымі сферамі, дзе чалавек сутыкаецца з бяспраўем з боку дзяржавы і трапляе ў канфліктныя сітуацыі з праваахоўнымі органамі. Перш за ўсё нас цікавіць узаемадзеянне чалавека і паліцыі, чалавека і судоў, сутыкненні вакол публічных мерапрыемстваў. У гэтых канфліктных сферах вельмі важная прысутнасць трэціх асобаў, якімі і з’яўляюцца нейтральныя назіральнікі. Яны не толькі фіксуюць парушэнні і манітораць агульную сітуацыю, але і самім фактам сваёй прысутнасці здольныя перавесці канфліктную сітуацыю ў іншае рэчышча, панізіць узровень агрэсіі і прыпыніць эскалацыю канфлікта. Гэтая функцыя вельмі неабходна, у асаблівасці ў Расіі і суседніх краінах - у Беларусі, Украіне, а таксама ў Цэнтральнай Азіі.
Міжнародны праваабарончы рух актыўна ўдзельнічае ў грамадскім назіранні і падтрымлівае падобныя ініцыятывы, у тым ліку і за мяжой. Зараз сумесна з Аб’яднанай групай грамадскага назірання мы запусцілі вялікую кампанію па назіранні за расійскімі судамі “Суд вачыма грамадзян”. Сэнс кампаніі зводзіцца да таго, што грамадзяне-назіральнікі адпраўляюцца ў суды, каб паглядзець, як уладкованыя гэтыя ўстановы з пункту гледжання зручнасці для звычайных людзей. Ці могуць простыя слухачы увогуле трапіць у будынкі судоў і на судовыя паседжанні? Ці ёсць уся неабходная інфармацыя ўнутры будынка? Ці адчыненыя туалеты? Ці дастаткова лавачак у калідоры? Гэта толькі маленькая частка пытанняў, на якія закліканая адказаць такая праверка. Можа здацца, што гэта дробязі. Але трэба памятаць, што менавіта з такіх дробязяў і складаецца агульнае ўражанне ад судовай сістэмы. І калі з тым, што суды часта выносяць палітычна матываваныя і неправасудныя рашэнні, вельмі складана штосьці зрабіць, то тыя рэчы, ў якіх назіральнік пабачыў “сімптомы хваробы”, мы можам паспрабаваць сумесна змяніць.
Невыпадкова мы зараз думаем пра стварэнне міжнароднай сеткі назіральнікаў, якая б аб’ядноўвала досвед постсавецкіх краін у гэтай галіне. Парушэнні правоў чалавека на мяжы Расіі не спыняюцца, а часам і наадварот. Мы часта жартуем, што да нас качуюць беларускія практыкі, і тое, што мы назіралі з 2008 па 2010 годы ў Беларусі, зараз мы назіраем у Расіі. Таму вельмі важна, каб у назіральнікаў былі агульныя падыходы, дамоўленасці, узаемадапамога, і мне здаецца, што менавіта міжнародная сетка магла б выконваць гэтыя функцыі. У межах сеткі могуць быць выпрацаваныя адзіныя методыкі па падрыхтоўцы назіральнікаў, каб потым мы маглі прысутнічаць, напрыклад, на знакавых публічных мерапрыемствах у Беларусі, дзе наяўнасць замежных назіральнікаў, магчыма, магла б стаць фактарам дадатковай цікавасці з боку СМІ і грамадства.
- Як ставяцца расійскія ўлады да дзейнасці МПР?
- Дзейнасць ажыццяўляць дастаткова нялёгка, бо зараз расійскія ўлады ў лепшым выпадку падаюць змешаныя сігналы, а ў большасці, на жаль, цалкам пэўныя. І заключаюцца яны ў тым, што праваабаронцы ўспрымаюцца спакойна толькі тады, калі крытыкуюць улады іншых краін, пажадана недружалюбных Расіі, а не тое, што адбываецца ў расійскай рэчаіснасці. Так, зараз “гайкі закручваюцца”, націск на грамадзянскую супольнасць расце, але мне здаецца, што важнасць праваабарончых каштоўнасцяў усведамляецца многімі. Невыпадкова мы атрымліваем шырокі водгук на нашыя заклікі далучацца да нейкіх грамадскіх кампаній. У людзей ёсць цікавасць да нейтральнай, паслядоўнай і дакладнай пазіцыі, а праваабарончая дзейнасць такую пазіцыю можа даць. Мы, як праваабаронцы, падкрэсліваем, што незалежна ад таго, хто будзе ва ўладзе, праблемы паліцыі, судоў, катаванняў, палітычна матываванага пераследу ў бліжэйшай будучыні нікуды не падзенуцца. І нам, як грамадству, трэба вучыцца з гэтым працаваць. Шлях зменаў пачынаецца з сябе, з пабудовы нейкіх сетак і супольнасцяў і заканчваецца тым, што мы цалкам бярэм адказнасць за сферу зносін паміж грамадзянамі і дзяржавай. Я лічу, што чым больш супрацьдзеяння і ціску на нас, тым больш людзей усведамляе важнасць нашай дзейнасці.
Поўную версію інтэрв’ю з Дзмітрыем Макаравым слухайце ў праваабарончай праграме “Вясна” на Беларускім Радыё Рацыя.