За вулічную апытанку актывістку АГП абвінавацілі ў дробным хуліганстве
Раённы суд гарадскога пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці 30 студзеня будзе разглядаць адміністратыўную справу мясцовай актывісткі АГП Алены Луцковіч. Пра гэта паведамляе "Еўрапейскае радыё". Пратакол на яе склалі міліцыянты мясцовага РАУС. Дзяўчыну вінавацяць у дробным хуліганстве. Як інфармуе БелаПАН, нагодай для пратаколу стала вулічнае апытанне мясцовых жыхароў, якое Луцковіч ладзіла разам з блогерам Андрэем Павуком.
У пратаколе сцвярджаецца, што актывістка на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлку Акцябрскі ля будынку райвыканкаму "наўмысна, беспадстаўна, неаднаразова спыняла і чаплялася да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытанні, на просьбы грамадзян адчапіцца не рэагавала, чым парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзян".
Луцковіч распавяла, што 17 студзеня яна з Андрэем Павуком здымалі відэа для блога "Рудабельская паказуха". Яны пыталіся ў мясцовых жыхароў, наколькі сумленныя і справядлівыя выбары ў Беларусі. Дзяўчына кажа, што ёй цікавая грамадская думка на гэты конт, бо яна вылучалася кандыдаткай раней і плануе вылучацца ў будучыні.
Ніхто з апытаных не выказваў прэтэнзіяў, акрамя работнікаў выканкама, адзначыла Луцковіч. "Там былі і людзі, якія пастаянна працуюць ва ўчастковых і раённай ці акруговай выбарчых камісіях. Яны ўсе адмовіліся адказваць. Я думаю, іх бянтэжыла наша пытанне, і яны напэўна пакрыўдзіліся. Таму хтосьці патэлефанаваў у міліцыю і запатрабаваў спыніць "бязладдзе", — пракаментавала актывістка АГП.
Луцковіч хоча абскардзіць дзеянні міліцыі ў пракуратуры, бо міліцыянты не патлумачылі ёй яе статус, правы і абавязкі, а таксама склалі пратакол у яе адсутнасць. Дзеянні міліцыі яна расцэньвае як пераслед па палітычных матывах.