viasna on patreon

“Каб законы выконваліся, а правы шанаваліся”. Алесь Бяляцкі заклікаў да новага непалітычнага аб’яднання Відэа

2017 2017-01-15T13:49:17+0300 2017-01-15T13:50:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-pra_haviela-novy_chas.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі на вечарыне памяці Вацлава Гавела ў Мінску. 14 студзеня 2017. Фота: novychas.by

Алесь Бяляцкі на вечарыне памяці Вацлава Гавела ў Мінску. 14 студзеня 2017. Фота: novychas.by

У Мінску 14 студзеня адбылася традыцыйная вечарына памяці вядомага чэхаславацкага дысідэнта і першага прэзідэнта незалежнай Чэхіі Вацлава Гавела, арганізатарамі якой сёлета выступілі Рух «За Свабоду», ПЦ «Вясна» і БХК пры падтрымцы амбасады Чэшскай Рэспублікі.

Імпрэза сабрала прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці - вядомых грамадскіх, палітычных, культурных дзеячоў, журналістаў, праваабаронцаў і дыпламатаў. Пра ролю Вацлава Гавела ў грамадска-палітычным жыцці Чэхаславакіі, а затым і дэмакратычнай Чэхіі, значнасць яго асобы, а таксама асаблівасці і чалавечыя якасці гасцям вечарыны са сцэны распавялі вядоўца імпрэзы, старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, амбасадар Чэхіі Мілан Экерт, кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі і грамадска-палітычны дзеяч Аляксандр Мілінкевіч.

Алесь Бяляцкі, лаўрэат прэміі Вацлава Гавела 2013 года, у сваім выступе ўзгадаў асабістую сустрэчу з чэшскім прэзідэнтам, а таксама спыніўся на канцэпцыі “Хартыі 77” – вядомага дысідэнцкага руху, які разам з аднадумцамі заснаваў Вацлаў Гавел у камуністычнай Чэхаславакіі 40 гадоў таму і ідэйная і мэтавая скіраванасць якога, па словах праваабаронцы, актуальная для сённяшняга беларускага грамадства, якое знаходзіцца ў “недапушчальным” стане.

Тэкст прамовы Алеся Бяляцкага:

“Добры дзень, шаноўнае спадарства!

Сёлета ў нас юбілейны год: 40 гадоў “Хартыі 77”, 500 гадоў Францішку Скарыну і 100 гадоў Усебеларускаму кангрэсу, які ўпершыню абвясціў мэты беларускага народа - дасягненне дэмакратыі і незалежнасці.

Ідучы сюды, узяў я з сабою томік Вацлава Гаўла з ягоным аўтографам, які ён падпісаў нам, беларускай дэлегацыі грамадскіх дзеячоў і палітыкаў, у 2001 годзе - тады ён яшчэ быў прэзідэнтам і мы сустракаліся з ім у яго прэзідэнцкім палацы. Даўно ўжо, мабыць, прэзідэнты еўрапейскіх краінаў не сустракаюцца з беларускімі дэмакратычнымі лідарамі і актывістамі, што, канешне, не зусім добры знак. Але тады гэта яшчэ было – і подпіс Вацлава Гаўла з ягоным сардэчкам ёсць на гэтай кніжцы.

У гэтым зборніку ёсць вядомае эсэ аўтара, якое якраз прыпадае да 40-годдзя “Хартыі 77” – “У чым сэнс Хартыі 77”. На час напісання гэтага артыкулу, 1986 год, хартыйцы ўжо дзесяцігоддзе працавалі, змагаліся, знаходзіліся пад бесперастанным прэсінгам. У гэтым эсэ ён пазначыў некалькі пунктаў, якія мне падаюцца вельмі актуальнымі і для нас. Увогуле, тут ёсць такая дзіўная рэч – змяшчэнне часу. Як я пачынаю чытаць Гаўла (а ёсць вельмі добрая кніжка перакладаў яго твораў на беларускую мову, якая выйшла два гады таму) – развагі, роздумы, палітычныя ацэнкі, датычныя Чэхаславакіі, то ў мяне з’яўляецца адчуванне, што ён піша пра Беларусь. І вось у эсэ пра “Хартыю 77” ён піша, што яна стваралася не як палітычная арганізацыя, а як маральны рух найперш, які аб’ядноўваў вельмі розныя палітычныя групоўкі - ад левых анархістаў да правых кансерватараў, вельмі розных людзей – ад філосафаў да студэнтаў і працоўных, і асноўнай задачай Хартыі было даць маральны сігнал чэхаславацкаму грамадству на той час, даць альтэрнатыву сістэме, у якой яны не бачылі ніякай перспектывы далейшага развіцця. Як адну з асноўных рысаў  у Хартыі ён вызначаў пачуццё салідарнасці, яе накірунак акрэсліў як гуманітарны і праваабарончы. Бо пісаў, што Хартыя стварылася для таго, “каб законы выконваліся, а правы шанаваліся”. Гэта фактычна тое, чым займаюцца праваабаронцы, але не толькі мы. Сканчае ён сваё эсэ няўпэўнена, піша, што пройдзе гадоў пяцьдзесят – і можа Хартыяй будуць цікавіцца толькі гісторыкі, а можа пра яе забудуць. Насамрэч мы бачым, што гэта далёка не так. Бо літаральна праз тры гады сістэма, супраць якой мірным шляхам выступалі хартыйцы, рухнула. І тыя ідэалы свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека, якія яны прапагандавалі, леглі ў аснову чэшскай і славацкай дзяржаваў.

Прыклад Хартыі, шчыра кажучы, мне трохі балючы. Бо той стан, у якім знаходзіцца нашае грамадства, недапушчальны. Канешне ж, мы мусім аб’яднацца. Мы павінны стварыць нейкую новую беларускую Хартыю. Якая б мусіла аб’яднаць светлыя галовы. Якая мусіла б быць непалітычнай арганізацыяй. Якая б мусіла выступаць з тымі лозунгамі, з якім выступала “Хартыя 77”, дзеля таго, каб законы выконваліся, а правы шанаваліся. Гэтая балючая стрэмка ёсць у маім сэрцы. Я спадзяюся, што праз ўсё негатыўнае, што скапілася ў адносінах за апошнія гады - тую нязгода, той разлад, тыя асабістыя крыўды - усё ж такі пераступяць нашыя светлыя галовы і мы здолеем прапанаваць народу простую і ясную шыльду.

Віншую ўсіх з юбілеем “Хартыі 77” і вельмі спадзяюся, што мае словы будуць пачутыя!”

Глядзіце таксама: фотарэпартаж з Вечарыны памяці Вацлава Гавела ад “Новага Часу”. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства