viasna on patreon

Абвяшчэнне прысуду па справе праваабаронцы Аскарава нечакана перанеслі

2017 2017-01-10T12:26:15+0300 2017-01-10T12:27:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/askarau-sud-2017-01-10_zanoza.kg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 студзеня ў Бішкеку прайшло чарговае паседжанне па пераглядзе справы Азімжана Аскарава, асуджанага да пажыццёвага зняволення, на якім, як чакалася, павінен быў быць абвешчаны прысуд. Аднак, пасля апошняга слова падсуднага, суд перанёс абвяшчэнне прысуду на 17 студзеня.

На папярэднім судовым паседжанні, 20 снежня 2016 года, адбыліся спрэчкі бакоў. Пракуроры папрасілі пакінуць прысуд аб пажыццёвым зняволенні для Азімжана Аскарава ў сіле. У сваю чаргу адвакаты падсуднага папрасілі апраўдаць іх падабароннага і вызваліць у залі суда. Сам Аскараў папрасіў пакараць яго смерцю, калі яго віна будзе даказаная, нагадвае zanoza.kg.

Судовае паседжанне па пераглядзе справы Аскарава. Бішкек, 10 студзеня 2017. Фота: zanoza.kg
Судовае паседжанне па пераглядзе справы Аскарава. Бішкек, 10 студзеня 2017. Фота: zanoza.kg

На сённяшнім паседжанні адвакат падсуднага Нурбек Тактакунаў падчас рэплік бакоў сказаў, што рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН павінна было быць выканана. 

"Суды, якія гавораць пра бесстаронні і аб'ектыўны разгляд, не сумленныя. Калі б я яшчэ ў 2010 годзе нармальна абараняў Аскарава, пры гэтым у мяне былі б усе магчымасці для нармальнай працы, то Аскарава б апраўдалі", - сказаў Тактакунаў.

Ён дадаў, што пракуратура аргументавана ніяк не абвергла яго довады і доказы ў залі суда.

"Сённяшні працэс вельмі важны для нашай краіны, паколькі пакажа ўсяму свету, наколькі дэмакратычная наша краіна. Краіна развіваецца ва ўсіх напрамках, але пакуль мы прыйдзем да дасканаласці, судовая сістэма будзе цалкам разбурана. Я прашу выканаць рашэнне Камітэта ААН", - сказаў на заканчэнне Тактакунаў.

Праваабаронца Талекан Ісмаілава на судзе па справе Аскарава. Бішкек, 10 студзеня 2017. Фота: zanoza.kg
Праваабаронца Талекан Ісмаілава на судзе па справе Аскарава. Бішкек, 10 студзеня 2017. Фота: zanoza.kg

Праваабаронца Талекан Ісмаілава ў сваім выступе падкрэсліла, што ні адзін сведка не змог дакладна ўказаць, дзе быў Аскараў у дзень інкрымінуемага яму забойства міліцыянта Сулайманава, у што ён быў апрануты.

"Аскараў быў пазбаўлены магчымасці нармальна абараняцца. Яго катавалі і трымалі ў нечалавечых умовах. Я спадзяюся, што Аскараў сёння будзе вызвалены ў залі суда і справядлівасць пераможа", - сказала праваабаронца.

Апошняе слова ў судзе Азімжана Аскарава. Бішкек, 10 студзеня 2017. Фота: zanoza.kg
Апошняе слова ў судзе Азімжана Аскарава. Бішкек, 10 студзеня 2017. Фота: zanoza.kg

Потым слова ўзяў сам Азімжан Аскараў.

"Суд павінен прызнаць, што я асуджаны паводле загаду экс-прэзідэнта Розы Атунбаевай", - сказаў ён.

Ён заявіў, што не вінаваты і не быў на месцы, дзе адбылося забойства. У сваім апошнім слове Аскараў падзякаваў усім сябрам.

"Яшчэ раз скажу, я не вінаваты і справа сфальсіфікаваная супрацоўнікамі ДКНБ", - сказаў ён.

Азімжан Аскараў папрасіў суд пра магчымасць праверыць яго на дэтэктары хлусні.

"Калі дэтэктар пакажа, што я вінаваты, то прашу смяротнае пакаранне для сябе, а ў іншым выпадку трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых у асобе сілавых структураў за фальсіфікацыю справы", - сказаў на заканчэнне ён.

Суд па пераглядзе справы Азімжана Аскарава. Бішкек, 10 студзеня 2017. Фота: zanoza.kg
У судовай залі, дзе праходзіць перагляд справы Азімжана Аскарава. Бішкек, 10 студзеня 2017. Фота: zanoza.kg

Пасля апошняга слова падсуднага судовая калегія абвясціла перапынак да 17 студзеня. У гэты дзень будзе вынесены прысуд.


Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Паветра» Азімжан Аскараў быў затрыманы падчас крывавых падзеяў 2010 года на поўдні Кыргызстана. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і забойстве супрацоўніка міліцыі. Суд Базар-Каргонскага раёна прызначыў Аскараву пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Справа Аскарава была разгледжаная ў Камітэце па правах чалавека ААН, а ў ліпені 2016 года Вярхоўны суд Кыргызстана, разгледзеўшы рашэнне Камітэта, замест выканання рэкамендацый вырашыў накіраваць крымінальную справу Аскарава на новы разгляд. Першае выязное паседжанне Чуйскага абласнога суда адбылося 4 кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства