Суддзя, які адмовіўся разглядаць скаргу Андрэя Бандарэнкі, дэпрэміраваны
З ліста праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі , які адбывае тэрмін у магілёўскай турме №4, які атрымала Таццяна Рэвяка, стала вядома, што суд Шклоўскага раёна прыняў да разгляду ягоную скаргу на пастаноўку на прафілактычны ўлік, як асобу, “схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў”.
Скарга будзе разгледжаная судом Шклоўскага раёна 16 студзеня. Пачатак судовага паседжання ў 14-10 (каб. №3).
Варта адзначыць, што раней, 4 лістапада 2016 года, суддзя Віталь Волкаў адмовіўся ад разгляду аналагічнай скаргі Бандарэнкі аб пастаноўцы яго на прафілактычны ўлік з фармулёўкай, што такая скарга суду непадведамасная:
“Пастаноўка на прафілактычны ўлік не адносіцца да мер спагнання, якое прымяняецца да асуджаных у адпаведнасці з арт.112 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, таму дадзеныя адносіны не падпадаюць пад дзеянне параграфа 1 раздзела 29 ГПК, у сувязі з чым суд вяртае скаргу”.
Гэтае рашэнне суддзі было абскарджанае, у выніку чаго старшыня Шклоўскага раённага суда прызнаў, што дзеянні суддзі Волкава з’яўляюцца непапушчальнымі і за парушэнне норм ГПК старшынём суда у адрас Магілёўскага абласнога суда было накіраванае прадстаўленне аб выкарыстанні норм матэрыяльнага ўздзеяння ў адносінах да суддзі, а скарга Бандарэнкі была перададзеная на разгляд іншаму суддзі.
Андрэй Бандарэнка ў лісце таксама паведамляе аб тым, што перад Новым годам у яго адбываўся “самы сапраўдны аўрал”: адміністрацыя турмы шукала падстаў для вынясення зняволенаму праваабаронцу чарговых спагнанняў. У выніку былі складзеныя 2 акты аб парушэннях.
Першы акт склалі нібыта за тое, што зняволены не прадставіўся, другі – за тое, што ў ягонай камеры знайшлі булаўку. У акце пра выняцце булаўкі пазначана, што булаўка была схаваная выдасканаленым спосабам.
Дзіўна, але па выніках складання першага акта абмежаваліся толькі прафілактычнай гутаркай, па другім жа акце Бандарэнку было вынесенае папярэджанне.
Між тым, 14 студзеня завяршаюцца следчыя дзеянні па ч. 2. арт 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), пасля чаго справа будзе перададзеная ў пракуратуру, а затым у суд. Чакаецца, што суд можа быць прызначаны на канец студзеня – пачатак лютага.
Бандарэнка таксама адзначае сур’ёзныя перашкоды ў ліставанні.
Нагадаем, шэраг прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацый прынялі сумесную заяву, у якой папярэдзілі ўлады пра магчымасць прызнання Андрэя Бандарэнкі палітвязнем, калі да яго ў зняволенні будзе ўжыты 411-ы артыкул КК.
Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Платформ інавэйшн”, якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. На волю ён павінен выйсці 31 сакавіка 2017 года.