Юрася Губарэвіча апраўдалі за чытанне вершаў каля помніка Багдановічу
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 28 снежня вызваліў старшыню руху "За Свабоду"Юрася Губарэвіча ад адміністратыўнай адказнасці за чытанне вершаў Максіма Багдановіча. Акцыя памяці паэта прайшла каля яго помніка ў Мінску 9 снежня, калі святкавалася яго 125-годдзе, паведамляе "Еўрарадыё".
Рашэнне пра вызваленне Губарэвіча ад адказнасці прыняла суддзя Вікторыя Шабуня. Сам палітык у каментары Еўрарадыё адзначыў, што не чакаў апраўдальнага прысуду. Хаця сам судовы працэс Губарэвіч лічыць абсурдным:
Губарэвіч: "У той жа самы дзень улады на афіцыйным узроўні ўшаноўвалі памяць Максіма Багдановіча і праводзілі свае мерапрыемствы. Тое, што ладзілі мы, не было пратэстнай акцыяй. Мэта яе была — ушанаваць памяць паэта, прынесці кветкі, паставіць знічкі, прачытаць вершы... Таму тут цяжка знайсці ўвогуле склад адміністратыўнага правапарушэння".
Дарэчы, пратаколы за чытанне вершай былі складзеныя акрамя Губарэвіча яшчэ на некалькіх сяброў руху "За свабоду". Суды над імі яшчэ не прайшлі.
Губарэвіч не лічыць, што апраўданне за паэтычную акцыю сведчыць пра нейкую лібералізацыю. Ён звяртае ўвагу на суды за ўшанаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы. Па яго словах, акцыі былі па сутнасці падобнымі — ушанаванне гістарычнай памяці. Аднак удзельнікаў акцыі ў Свіслачы выпісваюць штрафы.
Дарэчы, самога Губарэвіча аштрафавалі на 1050 рублёў (50 базавых велічыняў) за акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Яна прайшла 7 лістапада каля будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў Мінску.