Вершы Максіма Багдановіча пад забаронай
За літаратурныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю Максіма Багдановіча, пратаколы складзеныя як мінімум на чатырох сябраў Руху «За Свабоду», у тым ліку на старшыню арганізацыі Юрася Губарэвіча.
Па інфармацыі "Новага часу", усіх актывістаў абвінавачваюць ва ўдзеле (а Губарэвіча і ў арганізацыі) у несанкцыянаваным пікеце 9 снежня ля помніка Максіма Багдановіча.
Парушэнне выразілася ў «сумеснай масавай прысутнасці» па ўказаным адрасе.
Актывіста Руху «За Свабоду» Аляксея Саевіча таксама абвінавачваюць у тым, што ён трымаў бел-чырвона-белы сцяг і чытаў вершы.
«Абсурдная логіка ўладаў. Калі афіцыёзнае мерапрыемства, то можна нагнаць студэнтаў, вайскоўцаў, якія там сумавалі. А калі людзі праявілі ўласную ініцыятыву, за гэта яны трапляюць пад рэпрэсіі. Усё, што не дазволена, усё забаронена», — пракаментаваў атрыманні пратаколаў Юрась Губарэвіч.