Берасце: інфармацыйная акцыя да Дня правоў чалавека
Праваабаронцы «Берасцейскай Вясны» адзначылі 68-ю гадавіну прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека рознымі мерапрыемствамі: правялі круглы стол, прысвечаны апошнім судовым працэсам за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях і праву на мірны сход, а таксама раздалі некалькі сотняў спецвыпуску газеты «Народная Воля».
Праваабаронца Уладзімер Вялічкін кажа:
“9 снежня праваабаронцы і актывісты раздавалі спецвыпуск газэты “Народная воля” з праваабарончай старонкай „За нашыя і вашыя правы“. Мерапрыемства было прымеркаванае да чарговай гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Мы віншавалі людзей з гэтай нагоды. Шмат хто адгукаўся, і было цікава пачуць ад людзей, што з правамі чалавека ў нашай краіне складанасці».
Брэсцкія праваабаронцы літаральна за адну гадзіну раздалі мінакам, неабыякавым да сваіх правоў, каля паўтысячы спецвыпускаў «Народнай волі». Большасць з іх з цікавасцю прымалі бясплатныя падарункі. Тых, хто адмаўляўся, былі выключэннем.