viasna on patreon

Блог Насты Лойкі: Прарыў у прававой думцы, альбо Чаму мы сьвяткуем 10 сьнежня

2016 2016-12-09T16:25:12+0300 2016-12-21T15:48:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/10-12-16.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калі вы захочаце разабрацца, што такое дэклярацыя з прававой пазыцыі – тое лепш не чытаць Вікіпэдыю ў ангельскамоўнай вэрсіі, бо там гэта зусім пра іншае. У нашых прасторах пад Дэклярацыяй разумеюць нейкі ўрачысты дакумант, які замацоўвае важныя дамоўленасьці паміж бакамі. Дык вось пост пра адно зь нешматлікіх сьвятаў, якія я прызнаю – Міжнародны Дзень Правоў Чалавека, які сьвяткуецца з 1950 года ў дзень прыняцьця Ўсеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека.

Часам кажуць, што сама Дэклярацыя вельмі фармальная, не зьяўляецца дакумантам прамога дзеяньня і не ўплывае на прававую рэальнасьць. І што яе нават чытаць ня варта.

Але ў мяне трошкі іншы погляд. Часта сіла дакумантаў не ў эфэктыўных мэханізмах. А ў іх сымбалічнасьці, у іх крыніцах, наступствах і стварэньні сьветлага вобразу.

І гісторыя, калі коратка, была такая: дзяржавы перажылі жахі Другой сусьветнай вайны і нарэшце зразумелі, што ня мае права дзяржава цалкам вырашаць, як абыходзіцца зь людзьмі на сваёй тэрыторыі. Нават калі яны ёй ня вельмі падабаюцца. То бок філязоўска-прававая думка разьвілася да таго, што краіны-пераможцы гатовыя былі прызнаць факт чалавечай годнасьці за кожнай асобай, яе права на роўнасьць, свабоду, недыскрымінацыю, правасуб’ектнасьць.

Але пасьля прызнаньня гэтага, і каб не дапусьціць жахаў генацыду, сусьветных войнаў, масавых зьнішчэньняў людзей, рэвалюцый, перад сябрамі Камісіі па правах чалавека ААН пад старшынствам Элеаноры Рузьвэльт стаяла задача замацаваць гэты факт. Перад сябрамі Камісіі была дылема: зрабіць юрыдычны дакумант з замацаваным мэханізмам, альбо сымбалічны Біль аб правах. І наступнай складанасьцю было дамовіцца паміж дзяржавамі з прынцыпова розным палітычным ладам.

Дыскусія цягнулася каля двух год, з папярэдніх напрацовак на больш чым 600 старонак Камісія зрабіла немагчымае - сфармулявала 30 ляканічных артыкулаў, вакол якіх атрымалася знайсьці кампрамісы. І 10 сьнежня 1948 года 48 дзяржаваў (пры 8, што ўстрымаліся), прынялі Дэклярацыю “у якасьці стандарта, да выкананьня якога павiнны iмкнуцца ўсе народы і ўсе дзяржавы з тым, каб кожны чалавек i кожны орган грамадзтва, увесь час маючы на ўвазе гэтую Дэклярацыю, iмкнулiся шляхам асьветы і адукацыi садзейнiчаць павазе гэтых правоў i свабодаў i забесьпячэньню, шляхам нацыянальных i мiжнародных прагрэсiўных мерапрыемстваў, усеагульнага i эфэктыўнага прызнаньня i ажыцьцяўленьня iх як сярод народаў дзяржаваў-чальцоў Арганiзацыi, так i сярод народаў тэрыторыяў, што знаходзяцца пад iх юрысдыкцыяй” (з Прэамбулы Дэклярацыі).

БССР, дарэчы, устрымалася. ЗША пасьля прыняцьця ўнутры краіны раскрытыкавалі дакумант як той, што нясе вялікі пракамуністычны адбітак. Бо сам па сабе гэты тэкст стаў прыкладам магчымасьці кампрамісаў паміж рознымі дзяржавамі.

І сёньня Дэклярацыя зьяўляецца слупом ААН, бо ніводная са 193 дзяржаваў-чальцоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ня можа яе адмаўляць і ігнараваць. Гэта проста лічыцца кепскім тонам на міжнароднай арэне.

І нават калі на практыцы мы бачым ухіленьне ад гэтых прыгожых стандартаў, то гэта азначае толькі адно: на колькі яна стала і стане рэальнасьцю – залежыць ад кожнага з нас.

Падрабязьней пра гісторыю прыняцьця Дэклярацыяі можна прачытаць па спасылцы.

Са сьвятам!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства