viasna on patreon

Праваабарончая супольнасць узнагародзіла пераможцаў сваёй Нацыянальнай прэміяй Фота

2016 2016-12-09T14:50:12+0300 2016-12-09T16:59:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uruchenne_premii_09.12.2016_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 снежня праваабарончая супольнасць у мінскай кнігарні “ЛогвінаЎ” святочна ўзнагародзіла лаўрэатаў Нацыянальняй прэміі беларускіх праваабаронцаў у трох намінацыях – “Журналіст года”, “Кампанія/ініцыятыва года” і “Праваабаронца года”.

Удзел у вызначэнні лаўрэатаў у гэтым годзе прынялі 23 беларускія праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы.

Вядучая цэрымоніі Таццяна Рэвяка адзначыла, што у гэтым годзе прадстаўлена новая намінацыя “Кампанія/ініцыятыва года” і няма намінацыі “Адвакат года”.

“У намінацыі “Журналіст года” лаўрэатамі з’яўляюцца два чалавекі, якія набралі роўную колькасць галасоў – гэта Адар’я Гуштын з БелаПАНу і Зміцер Дрозд – рэдактар сайту Беларускага дакументацыйнага цэнтру”, - прадставіла пераможцаў праваабарончай прэміі Таццяна Рэвяка.

Дыпломы журналістам уручала былая кіраўніца БАЖ Жана Літвіна, якая адзначыла:

“Я вельмі радая, што нашая традыцыя ўганароўваць нашых калегаў захоўваецца на працягу гэтых гадоў. Я вельмі радая нашай супрацы з праваабаронцамі, таму што ў тым спісе, які быў прапанаваны для абрання пераможцаў, было столькі дастойных прозвішчаў журналістаў”.

Адар’я Гуштын падзякавала за высокую ацэнку яе працы і падкрэсліла:

“Хачу адзначыць, што праваабаронцы вельмі дапамагаюць журналістам, не толькі як крыніцы інфармацыі, але і тады, калі нешта здараецца з журналістамі ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Мы ведаем, што праваабаронцы нам дапамогуць, і мы можам на іх разлічваць. І за гэта таксама дзякуй вялікі”.

uruchenne_premii_09.12.2016_3.jpg
Лаўрэат прэміі ў намінацыі "Журналіст года" Адар'я Гуштын і вядучая цэрымоніі Таццяна Равяка

Зміцер Дрозд распавёў пра ўмовы працы журналістаў, звязанай з праваабарончай тэматыкай:

“Усе мяне больш ведаюць як гісторыка-архівіста, але як бы гэта было не дзіўна, гэта маё хобі, а журналістыка – гэта тое, чым я займаюся з 2011 года. Я больш працую як фрылансер, і часта матэрыялы не падпісваюцца, думаю ўсе разумеюць, чаму гэта робіцца. І таму гэтая ўзнагарода для мяне была таксама вельмі нечаканай”.

uruchenne_premii_09.12.2016_4.jpg
Лаўрэат прэміі ў намінацыі "Журналіст года" Зміцер Дрозд і вядучая цэрымоніі Таццяна Равяка

“Кампаніяй/ініцыятывай года” быў прызнаны інтэрнэт-часопіс “Імёны”. Заснавальніца лаўрэата ў гэтай намінацыі Кацярына Сінюк не змагла прыйсці на ўзнагароджанне, але даслала ліст, у якім адзначыла:

“Рэдакцыя часопіса "Імёны" выказвае падзяку кожнаму, хто аддаў за нас свой голас. Гэтую прэмію прысвячаем праекту Клубны дом "Адкрытая душа", які прыйшоў да нас шукаць падтрымкі з канца кастрычніка. Гэта самая вялікая ў Мінску грамадская арганізацыя, якая займаецца сацыялізацыяй і рэабілітацыяй людзей з псіхічнымі захворваннямі пасля псіхіятрычных бальніц. У гэтым годзе арганізацыя засталася без фінансавання, а тры яе супрацоўнікі, суадносна, без аплаты сваёй каласальна значнай грамадскай працы. І, нажаль, сярод усіх значных сацыяльных праектаў, якім зараз дапамагаюць "Імёны", менавіта Клубнаму дому дапамагаць цяжэй за усіх. У нашай краіне, як і ў шматлікіх краінах на постсавецкай прасторы, скалалася такая тэндэнцыя, што больш за ўсё людзі любяць дапамагаць дзецям і жывёлам, а вось дарослым людзям, якія апынуліся ў цяжкім стане, дапамагаюць менш за усё. Клубны дом зараз збірае сродкі на бліжэйшы год сваей працы і дапамагчы можа кожны".

“Праваабаронцам года” быў прызнаны кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

“Сяргей Драздоўскі, адзін са стваральнікаў Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, з 2001 года - кіраўнік асацыяцыі; з 2011 года - кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю. У сваёй дзейнасці прасоўвае разуменне інваліднасці менавіта як праблемы выканання правоў чалавека, займаецца абаронай людзей з інваліднасцю. Адвакатаваў далучэнне Беларусі да Канвенцыі па правах інвалідаў ААН”, - прадставіла лаўрэата Таццяна Рэвяка

uruchenne_premii_09.12.2016_6.jpg
Таццяна Рэвяка, Сяргей Драздоўскі і Людміла Гразнова

У межах мерапрыемства прайшла прэзентацыя дакументальнай кнігі «Міхаіл Кукабака», прысвечанай самаму вядомаму беларускаму дысідэнту савецкіх часоў.


Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”. З 2011 года прэмія з'яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці, якой за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Адвакат года” (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе – “Кампанія/ініцыятыва года”.

Арганізацыямі-сузаснавальніцамі прэміі з'яўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Камітэт “Салідарнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.  

Да вызначэння лаўрэатаў прэміі арганізацыямі-сузаснавальніцамі было запрошана шырокае кола беларускіх праваабарончых арганізацый і арганізацый, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончую кампаненту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства