viasna on patreon

"Праца "альтэрнатыўшчыкаў" у доме састарэлых — гэта сусветная практыка"

2016 2016-12-08T09:02:19+0300 2016-12-08T09:07:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-svaboda.org.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

У Беларусі нарэшце запрацаваў закон аб альтэрнатыўнай службе. Па інфармацыі Еўрарадыё, ажно пяць маладых людзей даказалі, што яны не могуць служыць у звычайных умовах па рэлігійных перакананнях. Таму цяпер іх чакае праца ў дамах-інтэрнатах — прыборка смецця, капанне агароду ды іншыя гаспадарчыя клопаты. Атрымліваць за гэта хлопцы будуць 289 рублёў у месяц, а служыць, калі ў іх няма дыплома ВНУ, — тры гады. Ці не парушае такая служба правы чалавека, Еўрарадыё запыталася ў праваабаронцы Валянціна Стэфановіча

Цікавыя цытаты з інтэрвію праваабаронцы

— Тое, што альтэрнатыўшчыкаў выкарыстоўваюць на працах у доме састарэлых ці шпіталях, гэта сусветная практыка, і гэта адпавядае пакліканню гэтых людзей — дапамагаць іншым людзям.

— Сам тэрмін альтэрнатыўнай службы павялічаны ў два разы. І тут акурат ён носіць дыскрымінацыйны характар па прыкметах наяўнасці нейкіх перакананняў. То бок, чалавек служыць у два разы больш, бо ён мае перакананні ў параўнанні з тым, хто іх не мае. Асабліва, калі параўноўваць альтэрнатыўшчыкаў з тымі, хто служыць у рэзерве. Яны жывуць дома, ходзяць на працу, удзельнічаюць у страйках. 

— Мы бачым, што не кожны малады чалавек можа "закасіць" пад альтэрнатыўшчыка і сказаць, што, ведаеце, у мяне вось такія перакананні, я не хачу служыць, і яго адправяць у шпіталь. Гэта і ёсць выпрабаванне шчырасці перакананняў, калі чалавек згодны несці свой унёсак, з гуманістычных памкненняў дапамагаць на цяжкай працы, якая хоць і не патрабуе нейкай спецыяльнай падрыхтоўкі і адукацыі, але яна нялёгкая, цяжкая і маральна, і фізічна. 

— Закон вузка разглядае падставы для прадастаўлення такой службы, бо паводле міжнародных нормаў яна прадастаўляецца па перакананнях сумлення і этычна-маральных перакананнях. То бок, гэта шырэй, чым толькі рэлігійныя. Напрыклад, чалавек гаворыць, што ён пацыфіст. Гэта перакананні сумлення, гэта этычна-маральныя перакананні, аднак паводле нашага закону яму адмовяць, бо ён не рэлігійны вернік. Тэарэтычна такога чалавека нават могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу. 

— Перакананні — гэта не рэнтген, дзе бачна, што яны ў цябе ёсць. На практыцы чалавек прыносіць даведку з рэлігійнага прыходу ў ваенкамат.

— Я б пашырыў падставы для прадастаўлення альтэрнатыўнай службы: браў бы па перакананнях сумлення, у тым ліку па маральна-этычных, а не толькі рэлігійных. Тэрмін службы я б зменшыў. Магчыма, не рабіў бы яго роўным з тэрміновай службай, але зрабіў бы больш-менш прапарцыйным, не ў два разы большым. Ну і перагледзеў працэдуру накіравання ў іншую мясцовасць. Каб малады чалавек мог бы яе праходзіць па месцы жыхарства, як "рэзервісты". Што мяняецца, калі ён будзе працаваць у Ваўкавыску, жывучы ў Віцебску? Ён мог бы і ў Віцебску тую службу праходзіць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства