26 лістапада Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла папярэджаньне Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” і патрабуе ліквідацыі Брэсцкай абласной арганізацыі гэтай партыі, паведамляе Радыё Свабода.
Пісьмовае папярэджаньне было вынесенае за артыкул “Бяз компасу карабель ніколі ня прыйдзе да свайго прычалу”, зьмешчаны ў газеце “Народная воля”. Аўтар артыкулу -- старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП “Народная Грамада” Анатоль Ляўковіч.
У пісьмовым папярэджаньні, падпісаным міністрам Галаванавым адзначаецца, што ў артыкуле Ляўковіч зьняважыў “гонар, годнасьць і рэпутацыю органаў улады Рэспублікі Беларусь”, а таксама прадстаўнікоў грамадзкасьці і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. У міністэрстве юстыцыі лічаць, што лідэр брэсцкіх сацыял-дэмакратаў не толькі парушыў беларускае заканадаўства, але і партыйны статут.
Ад кіраўніцтва “Народнай Грамады” Мінюст запатрабаваў распусьціць Брэсцкую абласную арганізацыю, бо, паводле высновы Міністэрства юстыцыі Беларусі, аўтар артыкулу ў “Народнай волі” выказваў не асабістае меркаваньне, а ўсіх сябраў партыі ў берасьцейскім рэгіёне.